Якое дачыненне мае Валерый Чкалаў да беларускай вёскі?
81 год таму 18-20 чэрвеня 1937 года ў Савецкім Саюзе адбыўся двухдзённы беспасадачны пералёт з Масквы ў Амерыку. Пералёт здзейсніў Валерый Чкалаў – савецкі лётчык-выпрабавальнік. Да гэтага часу яму стаіць помнік у аграгарадку Першамайскае Бярозаўскага раёна ля будынка чыгуначнага вакзала.
Якое дачыненне меў Чкалаў да беларускай вёскі, якая ў 1937 годзе ўваходзіла ў склад Польшчы, гаворыць былы настаўнік Іван Базарэўскі:
– Пасля гістарычнага пералёту Чкалаў, Белякоў, Байдукоў вярталіся цягніком. У Берасці лётчыкі выходзілі на перон. Сабралася шмат берасцейцаў. Прыпынак пасля Берасця – Першамайскі.
Версію Івана Базарэўскага жыхар Першамайска і краязнаўца Мікалай Сянкевіч лічыць мітам. Пра сустрэчу Валерыя Чкалава ў Заходняй Беларусі ні ў Берасці, ні ў Першамайску з мясцовымі жыхарамі ў той час не магло нават быць размовы, лічыць ён.
– Ехалі ж па варожай тэрыторыі. Там яго магчыма не маглі выпусціць з вагона пакурыць. А не тое, што ён выходзіў і мітынг арганізоўваў. Гэта смешна. Ніякага мітынгу там не было і ў прынцыпе быць не магло.
У 2006 годзе напаўразвалены кінуты помнік мясцовыя ўлады хацелі знесці. Але намаганнямі Базарэўскага помнік рэстаўравалі і ён стаіць да гэтага часу.
Беларускае Радыё Рацыя