Якое пакаранне чакае анархістаў за напад на суд?
Застаюцца пад вартай два фігуранты крымінальнай справы па нападзе на Менскі гарадскі суд — анархісты Іван Комар і Мікіта Емяльянаў. Яны былі арыштаваныя ў кастрычніку за напад на будынак суда напярэдадні разгляду справы супраць свайго паплечніка Змітра Паліенкі. Дваіх хлопцаў падазраюць у тым, што менавіта яны закідалі будынак суда лямпачкамі з фарбай. На следстве Комар стаў даваць паказанні, згодна з якімі ва ўсім вінаваты Емяльянаў, які адмовіўся даваць паказанні. Ці дазволіць супрацоўніцтва са следствам пазбегнуць вялікага пакарання?
Адказвае вядомы анархіст, былы палітвязень Мікола Дзядок:
– Той, хто супрацоўнічае са следствам, мае вялікі шанец «адскочыць» ад пакарання, звязанае з пазбаўленнем волі. Гэта можа быць хатняя хімія. Аднак, зноў жа, ніхто ім такія гарантыі не дасць. Бо мы памятаем справу антыфашыстаў, калі Ілля Валавік, які з першых дзён пачаў супрацоўнічаць са следствам, даваць паказанні на сваіх сяброў, раскайвацца, і ён атрымаў 10 год, болей за ўсіх.
А што ў такім выпадку чакае Мікіту Емяльянава, які паказанняў не дае і не агаворвае сябе і іншых? Мікола Дзядок лічыць, што вялікі тэрмін амаль непазбежны.
– Я думаю, 4-5 год, улічваючы яго артыкул, гэта рэальна. Проста на яго месцы трэба рыхтавацца да турэмнага тэрміну, да выжывання ў турме, бліжэйшыя гады, на жаль, прыйдзецца правесці там. Я лічу, не трэба з гэтага рабіць нейкую трагедыю, ні яму і ні ягоным паплечнікам. На жаль, гэта рэчаіснасць нашай сённяшняй Беларусі. Трэба проста ўспрымаць турму, як нейкі непазбежны адрэзак твайго жыцця, калі ты актыўны анархіст у Беларусі.
Раней арганізацыя «Анархісцкі Чорны крыж» адмовілася ад дапамогі Івану Комару за тое, што ён стаў даваць паказанні супраць паплечніка. Мікіту Емяльянаву, наадварот, надаецца падтрымка.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя