Ян Дзяржаўцаў: Мы зробім усё, каб людзі ведалі праўду пра сталінскія рэпрэсіі



Гэтымі днямі спаўняецца 5 гадоў грамадскай ініцыятыве  “Хайсы – віцебскія Курапаты”, якая ўзяла сабе імя паводле назвы аднайменнай вёскі ў Віцебскім раёне.

Яе стваральнік Ян Дзяржаўцаў даведаўся пра месца расстрэлаў ахвяр сталінізму абсалютна выпадкова – пачуўшы чужую размову на аўтобусным прыпынку. Людзі размаўлялі пра тое, што баяцца хадзіць у лес, бо там пад нагамі валяюцца чалавечыя косткі і чарапы з кулявымі адтулінамі ў патыліцы.

12 лістапада 2014 года Ян Дзяржаўцаў разам з сябрамі і журналістамі ўбачыў гэты жах на ўласныя вочы. Яшчэ праз тры гады жыхары Хайсоў патэлефанавалі яму зноўку: у лесе адкрылася яшчэ адно невядомае пахаванне. Старажылы распавядалі пра тое, што памятаюць самі або чулі ад бацькоў, – пра начныя расстрэлы ў 1930-х, і такіх сведчанняў удзельнікі ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты” сабралі больш за 30. Аднак мясцовыя ўлады не зважаюць на гэтыя факты, і цягам пяці гадоў упарта ігнаруюць прапанову актывістаў зрабіць гэтыя мясціны мемарыяльнымі. 

Справу ўшанавання памяці ахвяраў сталінізму давялося ўзяць у свае рукі, гаворыць Ян Дзяржаўцаў:

– На сённяшні дзень там стаяць 32 крыжы, 4 з іх жалезныя, метраў 5 у вышыню, 3 – на мемарыяле. Мы зрабілі такі мемарыял, дзякуючы добрым людзям, якія за ўласныя грошы паставілі там помнік і зрабілі дарожку з пліткі. Яшчэ мы ўсталявалі ў лесе шмат указальнікаў, што гэта месца сталінскіх рэпрэсій. І хочам  зрабіць фільм пра гэтыя мясціны і ўкласці кнігу з успамінаў людзей, якія распавядалі нам пра сталінскія расстрэлы.

Удзельнікам ініцыятывы  “Хайсы – віцебскія Курапаты” ўдалося высветліць некалькі імёнаў ахвяр сталінізму, якія, верагодна, былі расстраляныя ў гэтым лесе. Над іх сімвалічнымі магіламі паставілі імянныя крыжы. Таксама крыжы з мемарыяльнымі шыльдачкамі ўсталявалі ў гонар расстраляных мастакоў, выкладчыкаў віцебскай мастацкай вучэльні – Янкі Гаўрыса, Яфіма Мініна, братоў Пятра і Хрыстафора Даркевічаў.

Гутарку з Янам Дзяржаўцавым  пра пошукі сведак, апазнанне ахвяраў і катэгарычнае нежаданне ўладаў  надаць адпаведны статус мясцінам сталінскіх расстрэлаў  слухайце ў далучаным файле:

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя