Ян Павел Другі – чалавек малітвы
100 гадоў споўнілася з дня народзінаў Святога Яна Паўла Другога – папы Рымскага.
Ягоная значнасць, як асобы, якая моцна ўплывала на свет у часе палітычных, грамадскіх пераменаў – шырока вядомая. Але пантыфік Ян Павел Другі, перадусім, згадваецца беларусамі як чалавек малітвы. Прыпамінае айцец-дэкан Заходняга дэканату Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы Андрэй Крот пра сваю пілігрымку, якую ажыццяўлялі беларусы ў Ватыкан.
– Ян Павел Другі быў чалавекам малітвы. Мы прыйшлі ў гэтую капліцу раніцай, я яго проста не заўважыў. А толькі праз нейкія дзве хвіліны ўбачыў, што ён перад алтаром кленчыць і моліцца. І настолькі ён быў паглыблены, проста здавалася, што яго няма. Я думаў, выйдзе нейкі чалавек урачыста апрануты, з цырымоніямі. Але асаблівых яркіх момантаў не было ў еўхарыстыі, а была сапраўдная малітва.
Святы пантыфік ведаў пра Беларусь і ўсяляк падтрымліваў узнаўленне рэлігійнага жыцця ў краіне. Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гародні мела добрую лучнасць з пантыфікам. А семінарысты ўдзельнічалі ў міжнародных пілігрымках да сустрэчы з, цяпер ужо, Святым Янам Паўлам Другім. Кажа Язэп Станеўскі, біскуп, рэктар семінарыі ў 2005 – 2014 гады:
– Пасля святой імшы мы заўсёды падыходзілі, каб з ім пагаварыць, каб перадаць самыя цёплыя пажаданні, але таксама і паслухаць, што ён нам гаворыць. Ён заўсёды казаў, не бойцеся, ідзіце за Хрыстом, гэта праўда, гэта свет, і ён вас заўсёды будзе падтрымліваць. І таксама радасна тое, што ў нас ў семінарыі на сцяне вісіць яго апостальскае благаславенне, падпісанае менавіта самаручна Святым айцом Янам Паўлам Другім.
З нагоды стагоддзя ад дня народзінаў Святога Яна Паўла Другога Каталіцкая Царква выступае з заклікам да малітвы пра заступніцтва Святога. З малітвай прапануецца пазнаёміцца праз сацыяльныя сеткі.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя