Ян Роман: Рашэнне суддзі стала для мяне нечаканым



Сёння ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні працягнулася судовае паседжанне над незалежным журналістам Янам Романам.

 Пра вынікі паседжання распавядае Ян Роман:

– Навіны досыць нечаканыя. Суддзя Кастрычніцкага суда Гародні адмяніла рашэнне аб прыцягненні мяне да адказнасці па двух артыкулах Адміністрацыйнага кодэксу: за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Яна адмяніла рашэнне і паведаміла, што я не вінаваты, бо віна мая не даказана. Для мяне гэта было нечаканае рашэнне. Бо, як сведчыць практыка, у гэтыя часы такія рашэнні па прыцягненні да адказнасці па палітычных справах не адмяняюцца.

Нагадем, Ян Роман быў затрыманы 10 жніўня каля будынка Ленінскага РАУСа. Ён там знаходзіўся з іншымі людзьмі, у тым ліку журналістамі, каб адшукаць тых людзей, якія былі затрыманыя 9 жніўня, калі ў горадзе былі брутальныя затрыманні. Роман выконваў свае журналісцкія абавязкі. Нечакана прыехала калона бронетэхнікі, і АМАПаўцы пачалі брутальна ўсіх затрымліваць. Журналісту пры затрыманні зламалі руку, выбілі зубы і наняслі іншыя цялесныя пашкоджанні. Суткі ён правёў у ізалятары Кастрычніцкага РАУСа. Па выніках выязнога суда яму прысудзілі 405 рублёў штрафу ў сувязі з тым, што ён парушыў два артыкулы Адміністрацыйнага кодэксу.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя