Ян Роман: Я не бачу сябе да канца жыцця ў выгнанні
З Янам Романам, незалежным журналістам з Гародні, пра яго працу ў Беларусі і пераезд у Польшчу ў эфіры Радыё Рацыя размаўляе Міхась Андрасюк.
РР: Быць незалежным журналістам ды яшчэ сябрам незарэгістраванага Саюза палякаў Беларусі і не патрапіць пад рэпрэсіі – гэта проста цуд. У тваім выпадку гэты цуд не здарыўся, пад рэпрэсіі ты трапіў вельмі хутка пасля прэзідэнцкіх выбараў.
Ян Роман: Так, фактычна на наступны дзень, 10 жніўня. Гэта адбылося каля будынка Кастрычніцкага раённага аддзела ўнутраных спраў. Супрацоўнікі АМАП ажыццяўлялі разгон людзей, якія сабраліся, каб даведацца, дзе іх родныя. Яны патрапілі пад “раздачу”, і я ў тым ліку. У выніку – выбітыя чатыры зубы, зламаная рука, шматлікія траўмы, суткі арышту і пасля штраф памерам крыху больш за 400 беларускіх рублёў. Такім чынам я “паўдзельнічаў у выбарах”.
РР: Я разумею, што гэта было выпадкова, збівалі ўсіх, хто трапіўся пад рукі?
Ян Роман: Так, там ніхто не глядзеў, журналіст ты ці не. Я спрабаваў патлумачыць, што я журналіст, выконваю свае прафесійныя абавязкі, паказаў пасведчанне, але гэта ніякім чынам не паўплывала на дзеянні супрацоўнікаў АМАП. Я адразу атрымаў удар нагой у твар, і потым далейшае збіццё… Хто там быў і не паспеў збегчы, той атрымаў. Там нават былі людзі, якія толькі што выйшлі пасля затрымання, пасля таго, як іх асудзілі, бо суды адбываліся ў памяшканні раённага аддзела ўнутраных спраў. Яны толькі выйшлі, зацягвалі шнуркі, бо вядома, што без шнуркоў там знаходзяцца, і ў гэты час пад’ехаў АМАП, і такім чынам яны трапілі два разы “пад раздачу”. Я з імі сядзеў пасля, яны нават два разы аплацілі штрафы.
РР: Пасля была сенсацыйная інфармацыя, што з Яна Романа знялі абвінавачванне? Падобнага раней не здаралася.
Ян Роман: Гэтых выпадкаў не так шмат, але я дамогся гэтага. Дзякуючы адвакатам я абскардзіў рашэнне суда, які адбываўся ў аддзяленні ўнутраных спраў. Мяне абвінавачвалі па двух артыкулах: непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Я гэтае рашэнне абскардзіў у абласным судзе, і суд вярнуў рашэнне на перагляд. Адбыўся перагляд, і суддзя прыняла рашэнне аб тым, што я невінаваты. Але супрацоўнікі міліцыі запрасілі матывацыйную частку і збіраліся абскарджваць. Ці абскардзілі яны, ці не – я да гэтага часу не ведаю. Увогуле, як выглядае сітуацыя, не ведаю, бо я ўжо быў з’ехаўшы…
Але я не бачу сябе да канца жыцця ў выгнанні, ды і зразумела, што хочацца паехаць у Гародню і працаваць там, як я гэта рабіў апошніх 20 гадоў.
РР: Дваццаць гадоў займаўся журналістыкай?
Ян Роман: Так, і да гэтага былі нейкія спробы, але Радыё Рацыя адно з тых медыя, станцый, дзе я рэалізоўваў сябе. І гэта тое радыё, з якога я пачынаў, якое мне да гэтага часу падабаецца і ў якое, я думаю, вярнуся. Калі не сёння, то заўтра ці паслязаўтра.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя