Ян Роман: Я здзіўлены рашэннем суддзі
У судзе Кастрычніцкага раёну Гародні працягнулася судовае паседжанне над незалежным журналістам Янам Романам. Справа па артыкуле 23.34, калі журналіста 10 жніўня збілі і выбілі зубы, была адпраўлена абласным судом на перагляд.
Гэтым разам суддзя Алена Тоўсцік-Самойла зачытала копію рэдакцыйнага задання журналіста і дадаткова выклікала ў суд сведкаў АМАПаўцаў, якія не з’явіліся ў суд.
Судовае паседжанне каментуе Ян Роман:
– Даволі нечакана выглядае прынцыповасць суддзі. Таму што звычайна, калі супрацоўнікі праваахоўных органаў не прысутнічаюць на паседжанні, спасылаюцца на тое, што яны выконваюць службовыя абавязкі, гэтага дастаткова, каб іх не прыцягваць. Гэтым разам атрымалася іначай. Суддзя вырашыла прыцягнуць іх у якасці сведкаў, каб яны абавязкова былі на паседжанні. І робіць запыт ужо не па іх месцы службы, а ва УУС Гарадзенскага аблвыканкама, што для мяне досыць нечакана і дзіўна. Гэта рушыць пэўныя схемы, якія існуюць у судовай сістэме.
Працяг судовага паседжання адбудзецца 17-га снежня а 17-й гадзіне.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча