Яну Пінчук ўнеслі ў спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці
10 лістапада «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» папоўніўся на 21 асобу, сярод іх – палітзняволеная Яна Пінчук, ураджэнка Віцебска, асуджаная да 12 гадоў зняволення па 5-ці артыкулах Крымінальнага Кодэкса, у тым ліку па арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім ).
Яна Пінчук была затрымана ў Санкт-Пецярбургу 1 лістапада 2021 года. Па дадзеных следства, дзяўчына з верасня 2020 па лістапад 2021 года адміністравала тры пратэсныя тэлеграм-каналы – «больш за год займалася дыскрэдытацыяй афіцыйнай улады ў інтэрнэце і заклікамі да ўдзелу ў масавых акцыях пратэсту”. Таксама паведамлялася, што Яна праходзіць па трох эпізодах, кваліфікаваных як „прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы і кіраванне незаконным фармаваннем”.
3 кастрычніка мінулага года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Яну Пінчук палітычнай зняволенай.
Ёй паставілі ў віну наступныя артыкулы Крымінальнага кодэкса:
ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці);
ч. 3 арт. 361 (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, ажыццяўленню дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі);
ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання);
ч. 3 арт. 293 (навучанне ва ўдзеле ў масавых беспарадках);
ч. 1 арт. 290-4 (дзейнасць па стварэнні арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці такой арганізацыяй, або яе часткай ці яе структурнымі падраздзяленнямі).
Суддзя Мінскага гарадскога суду Любоў Сімахіна сёлета 6 чэрвеня прызначыла Яне 12 гадоў зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму. 20 кастрычніка апеляцыйную скаргу на гэты вырак разглядаў Вярхоўны суд, пасяджэнне было закрытым.