Януш Талуць: Найперш, што пабачылі – ZOMO стаіць у шлемах са зброяй



40 гадоў таму камуністычныя ўлады Польскай Народнай Рэспублікі ўвялі ў краіне ваеннае становішча. Гэта адбылося з парушэннем Канстытуцыі і было спробай знішчыць дэмакратычныя працэсы, якія пачаліся са стварэння Незалежных прафсаюзаў «Салідарнасць». Паразмаўлялі ў студыі Беларускага Радыё Рацыя з госцем Янушам Талуцем, які быў актывістам „Салідарнасці” у Беластоку.

– Ці памятаеце дзень 13 снежня 40 гадоў таму?

– Бацька ўстаў рана ў нядзелю і гаворыць «Януш, уключы тэлевізар», а там Ярузельскі ў форме. Такі моцны-моцны знак запытання: «што будзе»? Тэлефоны не працуюць, чакаеш, страх. 

– Выходзілі тады ў горад? Кантактавалі з сябрамі?

– Чалавек пакуль абтросся ў гэтым усім, то ўжо па-палудні было. І там па суседзям пыталі «Што робім? Што робім?». Гэтага арыштавалі, той недзе хаваецца. Настрой такі остры быў. Ідзем да фабрыкі і будзем думаць нешта там, у сваёй «Салідарнасці». Найперш што пабачылі – ZOMO стаіць, учацверох ці ўпяцёх у шлемах са зброяй. На фабрыцы пачынаюцца плёткі, што знайшлі ў аднаго работніка напільнікі, якія ён навастрыў, як нажы. Каб накруціць страху. І мы разумелі, што рассылалі такую інфармацыю, каб ніхто не варушыўся. 

– У асяроддзі «Салідарнасці» таксама былі людзі, якім нельга было давяраць? 

– Так, паўсюль пхаліся да ўлады. Мы смяяліся з такога ахоўніка, тут пільнаваў, а потым у касцёле шдандарт першым нёс, калі працэс пачаўся. Такія паўсюль былі.

– Гэтае ваеннае становішча для актыва «Салідарнаці» ў Беластоку было нечым нечаканым? 

– Першыя, якія пайшлоі на агонь – іх пазабіралі начамі і закрылі. А потым пачыналі шукаць іншых. Але заўсёды знаходзіліся людзі, якія працягвалі. Спачатку былі нажы, а потым у кожнага партыйнага было заданне напісаць пра кожнага нейкую біяграфію на некалькі слоў. Кожны баяўся за сваіх блізкіх, а мы маладыя глядзелі на старэйшых, а старэйшыя баяліся, бо дзе потым адшукаць работу. Страйку не было. Цікавая гісторыя, у нас на сцяне быў вялікі транспарант „Салідарнасць”. Улада мянялася і кіраўнік прыйшоў да мяне і кажа, «Януш, здыміце яго, бо бяда будзе». А я ціхенька кажу „не будзем здымаць, давайце перагарнем на другі бок”. Так яна і правісела усё ваеннае становішча. 

– Калі казаць пра Беласток, ці быў у беларускім праваслаўным асяроддзі страх, што зноў будуць неяк пераследаваць ці знішчаць?

– Тут такая размова была, што на нас маюць ліст, маюць нашыя адрасы, што крэйдай на нашых дзвярах пазначалі. Гэта ўсё была праца службы бяспекі, бо яны хацелі нас, праваслаўных, да сябе прытуліць, каб праваслаўныя з імі былі. Напэўна так і было, не дапускаю, што нехта хадзіў і крэйдай пісаў, дзе чые блізкія жылі. 

Ці гаварылася пра пагрозу савецкай інтэрвенцыі?

– Пра гэта таксама казалі. Можа пра гэта не так адкрыта казалі. Але казалі, што рускіх не пусцяць, таму Ярузельскі і ўвёў ваеннае становішча, каб паказаць, што ён моцны і справіцца сваімі сіламі. Калі свае стаяць, то гэта лепей, чым тыя з серпам і молатам з другога боку.

Цалкам размову можна паслухаць у далучаным аўдыёфайле:

Беларускае Радыё Рацыя