„Яны разганяюць мітынг, але яны не могуць зламаць нашу пазіцыю і дух”



Пра мітынгі супраць расейскіх акупантаў і становішча ў горадзе Херсон нашаму радыё распавёў карэнны жыхар. Яго імя і прозвішчы не называецца ў мэтах бяспекі.

Фота Грамадскае. Херсон

РР: Адбываюцца ў вас розныя падзеі, але найважнейшае – што па-ранейшаму на мітынгі выходзяць херсонцы і не пагаджаюцца з расейскай акупацыяй. Хачу проста ведаць, ці спакойнымі былі вось гэтыя апошнія дні ў Херсоне?

Жыхар Херсона: Вітаю ўсіх сяброў з Херсона. Сёння буду размаўляць украінскай мовай. Сёння быў мітынг, ён нядаўна скончыўся. Скончыўся, як звычайна ўжо стала непрыемнай традыцыяй, разгонам мітынгу з боку расейскіх вайскоўцаў. Яны зноў стралялі з пэўнага месца – з боку цэнтральнага праспекта светлашумавымі гранатамі ды кулямі і слёзацечным газам. Пацярпелі два чалавекі, іх забрала наша хуткая дапамога.

Пасля гэтага разгону людзі зноў выйшлі, па іх зноў стралялі, яны зноў выйшлі. Вось, што адбываецца апошнім часам. Гэта было ў панядзелак, аўторак, сераду і сёння, у нядзелю.

РР: Мы гаварылі пра тое, што расейцы пачынаюць страляць. Гэта што? Здаюць у іх нервы, бо на пачатку мітынгі праходзілі больш спакойна, чым зараз.

Жыхар Херсона: Мажліва, і нервы, але больш выглядае на тое, што вышэйшае расейскае камандаванне загадала сваім вайскоўцам спыніць гэтыя мітынгі, таму што інфармацыя выходзіць на ўвесь свет, і Херсон натхняе ўсю Украіну, нашу армію і дэманструе, што мы не хочам трымаць у сваім горадзе расейскія войскі. І я думаю, што ў іх было такое заданне – разагнаць. Я не думаю, што гэта была эмоцыя, гэта выглядае, як заданне зверху. Я разумею, што яны маглі б больш забіць, а так яны быццам разганяюць, не рызыкуючы ўласным жыццём. Яны не збліжаюцца з пратэстоўцамі. На першым мітынгу яны некалькі людзей забралі, а далей страляюць толькі з пэўнага месца.

Канешне, мы адчуваем, што мы ў акупацыі, але і яны адчуваюць, што ў акупацыі. Таму што яны не атрымліваюць падтрымкі з боку нашага насельніцтва, з боку ўлады таксама няма падтрымкі, іхнія прыхільнікі нешматлікія. Разам мы іх не бачым. А ўлада наша ўкраінская як заставалася, так і застаецца. Таму зараз такая пэўная вызначальнасць, такі ўнутраны фронт зрабіўся па лініі гэтай плошчы.

Яны разганяюць наш мітынг, але яны не могуць зламаць нашу пазіцыю, наш дух, яны не атрымліваюць ніякіх прыхільнікаў тут і адчуваюць сябе, што яны знаходзяцца ў варожым для сябе месцы і штохвілінна рызыкуюць сваім жыццём, таксама, як і мы рызыкуем. Таму ў нас такі ўнутраны фронт склаўся.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя