Яраслава Берніковіча і Аляксандра Шэлепня пакаралі штрафамі
Глыбоцкі раённы суд пакараў грамадскіх актывістаў Яраслава Берніковіча і Аляксандра Шэлепня 8 і 10 базавымі велічынямі штрафу адпаведна. Іх судзілі па артыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Яны бралі ўдзел у маршы міру, які прайшоў у Глыбокім.
Падтрымаць іх у будынак суда прыйшлі іх паплечнікі і нават не зусім знаёмыя людзі. Але, як кажа Яраслаў Берніковіч, так атрымалася, што на яго суд ніхто не трапіў:
– Да мяне на суд не пусцілі. Адмыслова зацягнулі афармленне. Там пашпарт патрэбны. Яны яшчэ ніводнага не запісалі, а ўжо суд закончыўся. Там натоўп прыйшоў, можа чалавек 10.
Паводле Аляксандра Шэлепня, пасля суда ён пакінуў скаргу на дзеянні і паводзіны суддзі Людмілы Вашчанкі падчас працэсу:
– Калі адбываўся нада мной суд, то людзей запусцілі. Калі суддзёй мне было прадстаўлена слова, яна мяне перабівала ў грубай форме. Выказаць усё, што я хацеў, яна не дала. Маўляў, вы можаце не спасылацца на нейкія законы і артыкулы, я сама іх ведаю. Мы напісалі скаргу на дзеянне суддзі, якая ў грубай форме парушала мае правы.
У Глыбокім мае адбыцца яшчэ адзін суд над грамадскім актывістам Анатолем Янцэвічам. 1 верасня міліцыянты склалі на яго пратакол таксама па артыкуле 23.34 КаАП. Так паступова ў Глыбокім кропкава складаюцца пратаколы на ўдзельнікаў мірных акцыяў і чакаюцца новыя суды.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя