Яраславу Берніковічу зноў прысудзілі суткі напярэдадні выходных
Васьмю суткамі арышту 18 верасня пакарала суддзя Глыбоцкага раённага суда Людміла Вашчанка грамадскага актывіста з Глыбокага Яраслава Берніковіча.
Яго судзілі за ўдзел у акцыях пратэсту ў Глыбокім. Берніковічу залічылі ранейшыя затрыманні і знаходжанне ў ізалятары часовага ўтрымання. Таму па выніку грамадскі актывіст павінен адседзець 5 сутак.
Як кажа Яраслаў Берніковіч, ён меркаваў, што яму прысудзяць суткі арышту, таму прыйшоў у суд з «трывожным» пакетам:
– Я і меркаваў, што такім будзе рашэнне суду. Мэта – “закрыць” на выходныя. Мінулыя выходныя адсядзеў. Прыйдзецца адсядзець і гэтыя выходныя. Зрабілі, каб не дапусціць майго ўдзелу ў масавых акцыях.
Днём раней у Глыбокім таксама судзілі пратэстоўцаў, суддзя Станіслаў Трапук прысудзіў некаторым штрафы ад 5 да 10 базавых велічыняў. Суддзя ж Людміла Вашчанка вынесла папярэджанне Руслану Рагоўскаму:
– Яна мне сказала, што пачынаючы з гэтага дня, на працягу ўсяго года, каля я яшчэ дзе-недудзь траплюся, у сэнсе, пад гэты артыкул, калі буду заўважаны, то пакаранне ўжо будзе ад 20, не менш. Ад 20 да 50. Ну там і арышт.
На мінулым тыдні ў Глыбокім за ўдзел у пратэставых акцыях на суткі былі асуджаныя Вадзім Хлус і Аляксандр Шарабайка. Вадзім ужо выйшаў на волю, а вось Аляксандр Шарабайка павінен выйсці сёння, 18 верасня.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя