Яшчэ 22 тысячы подпісаў за адмену “дармаедства”
Самую вялікую працу па кансультаванні так званых “дармаедаў” і зборы подпісаў супраць дэкрэта №3 вядзе ў Беларусі Прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці. У Менску адбыўся савет арганізацыі, на якім прысутнічалі сталічныя і рэгіянальныя прафсаюзныя актывісты. Адным з галоўных пытанняў павесткі дня было абмеркаванне ходу кампаніі за адмену дэкрэта №3.
Па словах старшыні беларускага Прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча, быў пашыраны савет, трэба было пачуць людзей з рэгіёнаў, як ідзе збор подпісаў і што, на іх думку, рабіць далей.
– Мы збяром гэтыя подпісы і накіруем іх у Адміністрацыю прэзідэнта, Палату прадстаўнікоў і ўрад. Але ж які мы атрымаем адказ? Можа, ніякі… Вось мы і выпрацоўвалі стратэгію: што рабіць далей, калі ўрад чарговы раз скажа, што не бачыць гэтых людзей і не бачыць іх праблемаў.
Па словах ініцыятара збору подпісаў за адмену дэкрэта №3 на анлайн-пляцоўцы Zvarot.by Андрэя Стрыжака, яны сабралі больш за 22 тысячы подпісаў, якія 1 лютага накіроўваюць у Адміністрацыю прэзідэнта.
– Подпісы цалкам адпавядаюць закону “Аб зваротах грамадзянаў”, таму ўлады маюць 15 дзён, каб даць адказ па сутнасці нашага звароту. У сваім звароце мы звяртаемся да заканадаўцы, у даддзеным выпадку гэта кіраўнік краіны, адмяніць дэкрэт і прыводзім сваю аргументацыю, з якой можна азнаёміцца на сайце.
Прафсаюз РЭП і надалей працягне юрыдычныя кансультацыі так званых “дармаедаў”, збор подпісаў на лістах у грамадскіх месцах. А таксама будзе рыхтавацца да ўдзелу ў маршах і акцыях супраць дэкрэта, які супярэчыць Канстытуцыі Беларусі. Паводле кіраўніка прафсаюза РЭП, да гэтага яны падыдуць крэатыўна.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі