Яшчэ аднаго беларуса ўзнагародзяць ва Украіне пасмяротна
Яшчэ аднаго нашага земляка ўзнагародзяць ва Украіне пасмяротна. Гэта беларускі грамадзянін Сяргей Вараноўскі, які жыў у вёсцы Чарленіўка Наваселіцкага раёну, што на Букавіне. Сёлета ён памёр ад ранаў, якія атрымаў на Майдане ў лютым 2014 года.
Сяргей Вараноўскі пераехаў ва Украіну яшчэ ў 1991 годзе. Пабраўся шлюбам, у якім нарадзілася двое дзетак, атабарыўся ў вёсцы Чарленіўка, уладкаваўся электрагазазваршчыкам на тамтэйшай цагельні.
Пасля таго, як «Беркут» збіў на кіеўскім Майдане незалежнасці студэнтаў, Сяргей Вараноўскі з аднавяскоўцамі выправіўся ў Кіеў. Падчас трагічных падзеяў у лютым 2014 года ён быў цяжка паранены. Нягледзячы на ўсе намаганні дактароў, наш зямляк памёр 19 сакавіка 2015 года.
Мясцовая адміністрацыя хадайнічала пра ўзнагароджанне беларуса “Ордэнам Нябеснай сотні”, які і быў заснаваны ў гонар герояў, што загінулі падчас лютаўскіх падзеяў 2014 года. Гэта адна з нешматлікіх дзяржаўных узнагародаў Украіны, якой можна ўганараваць іншаземцаў.
Пра ўзнагароду Сяргея Вараноўскага афіцыйна паведаміў старшыня Чарнавецкай Абласной дзяржаўнай адміністрацыі падчас брыфінгу.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя