Яшчэ аднаго журналіста-фрылансера пакаралі штрафам



Штрафам у шэсць мільёнаў рублёў Магілёўскі суд пакараў незалежнага журналіста Аляксандра Буракова. Суддзя Алена Волкава прызнала яго вінаватым у супрацы з замежным сродкам інфармацыі, нямецкай радыёстанцыяй „Deutsche Welle”.

Як лічыць каардынатар магілёўскай суполкі Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Вырвіч, судовы працэс не даказаў віны журналіста-фрылансера, а сведкі-міліцыянты блыталіся ў тым, што яны шукалі ў час ператрусу кампутара Буракова:

– Ніхто з іх не бачыў, як Аляксандр Буракоў вырабляў нейкую інфарацыю, і тым больш яе распаўсюджваў. Ніхто не змог даказаць, што менавіта артыкул пад такой назвай быў зроблены на яго кампутары. Экспертыза праводзілася невядома якая і шукаліся нейкія абсалютна незразумелыя словы, якіх наогул няма ў пратаколе адміністрацыйнага праваапарушэння. Кантрольныя словы былі “Deutsche Welle”, “Свабодны фармат”, “зарплата, фінансіраванне з замежжа”. Гэта наогул нейкае дзікунства.

Аляксандр Буракоў заяўляе, што будзе абскарджваць прысуд, калі спатрэбіцца таксама ў міжнародных судовых інстанцыях. Ён лічыць, што і артыкул, паводле якога яго судзілі, не павінен выкарыстоўвацца супраць журналістаў.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя