Яшчэ адзін грант ад польскага ўрада рэалізаваны ў Беларусі
У Менску школа № 69 атрымала ад Польшчы спартыўную пляцоўку.
У гэтай школе ўжо некалькі гадоў выкладаецца польская мова.
Падчас цырымоніі адкрыцця на дзіцячай пляцоўцы адбылася ўрачыстая лінейка. У сувязі з нядаўданім Днём Незалежнасці Польшчы 11 лістапада дзеці праспявалі некалькі польскіх песень, зачыталі польскія вершы.
Намеснік амбасадара Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі адзначыў, што Польскае пасольства на працягу многіх гадоў супрацоўнічае са школай №69 у Менску. «Мы прафінансавалі лабараторыю дакладных навук, якая працуе ўжо два гады. У гэтым годзе ў рамках малых грантаў Польскай амбасады нам удалося ажыццявіць дзіцячую і спартыўную пляцоўкі. Праект коштам у 20 тысяч еўра», – распавёў дыпламат карэспандэнту Польскага радыё ў Менску.
Дырэктар школы Ала Герасімчук сёлета раней у гутарцы з Польскім Радыё сказала, што яе школа прыкладае шмат увагі да спорту і гэтым самым да здароўя маладых людзей, таму гэты грант з’яўляецца надзвычай каштоўным.
«У школе дагэтуль не было спартыўнай пляцоўкі. Яе з’яўленне дае дзецям унікальную магчымасць атрымаць задавальненне, фізічнае развіццё, палепшыць здароўе і набраць сіл», – дадала Ала Герасімчук.
Дырэктар адзначыла, што ў мінулым годзе дэлегацыя са школы наведала навуковы цэнтр «Капернік» у Варшаве. У наступным годзе беларускія дзеці са школы №69 у Менску хочуць паказаць свае эксперыменты з хіміяй на навуковым пікніку ў польскай сталіцы.