Яшчэ адзін кандыдат у дэпутаты ад „Еўрапейскай Беларусі” пазбаўлены рэгістрацыі



Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, актывіст грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Арсеній Чыгір пазбаўлены рэгістрацыі, паведаміў БелаПАН каардынатар кампаніі Яўген Афнагель.

Паводле яго слоў, Чыгір, які вылучаўся ад Партыі БНФ па Бабруйскай-Першамайскай акрузе № 79, 29 кастрычніка атрымаў другое папярэджанне і адразу пасля гэтага быў зняты з выбараў.

„Афіцыйная прычына — ён своечасова не даў дадзеныя банкаўскага рахунку кандыдата. Пры гэтым у законе не прапісана, што кожны кандыдат абавязаны даваць нумар рахунку. Гэта неабходна, толькі калі яму трэба выкарыстоўваць сродкі для правядзення агітацыі, вырабу прадукцыі. Калі ён не збіраўся нічога друкаваць, па законе гэта не можа быць падставай для папярэджання”, — сказаў Афнагель.

Ён паведаміў, што Чыгір абскардзіў рашэнне акруговага выбаркама ў Магілёўскай абласной выбарчай камісіі. На думку Афнагеля, зняццем кандыдатаў улады спрабуюць не дапусціць з’яўлення зваротаў кандыдатаў ад кампаніі ў эфіры. Са зваротаў 14 зарэгістраваных кандыдатаў „Еўрапейскай Беларусі” транслявалася толькі два, а ў дзяржаўных выданнях не была апублікавана праграма ні аднаго кандыдата.

„Іх задача не дапусціць нашых прадстаўнікоў на тэлебачанне і радыё, таму што ўсе яны гавораць аб змене ўлады, дыктатуры, злачынствах сённяшніх уладаў. Яны не гатовыя, каб людзі гэта пачулі”, — сказаў Афнагель.

Каардынатар „Еўрапейскай Беларусі” растлумачыў, што ўсе кандыдаты працягнуць весці інфармацыйную кампанію, паколькі іх скаргі на рашэнні акруговых выбаркамаў знаходзяцца на разглядзе ў вышэйых інстанцыях.

У „Еўрапейскай Беларусі” ў перадвыбарнай кампаніі засталося шэсць кандыдатаў, якія не адхіляліся ад удзелу акруговымі выбаркамамі: два — у Менску, па адным — у Слоніме, Мазыры, Светлагорску і Оршы.

Раней паведамлялася, што ў сталічнай Пушкінскай выбарчай акрузе № 103 адменена рэгістрацыя кандыдата ў дэпутаты Паўла Юхневіча, ва Уручскай акрузе № 109 — Вольгі Нікалайчык, у Партызанскай акрузе № 110 — Арцёма Чарняка, у Чкалаўскай акрузе № 96 — Аксаны Юшкевіч, у Брэсцкай-Заходняй акрузе № 1 — Паліны Шарэнда-Панасюк.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 17 лістапада.

belapan.by