Яшчэ адзін прысуджаны да смерці спадзяецца на апеляцыю



Разгляд скаргі асуджанага да смяротнага пакарання Сяргея Хмялеўскага прызначаны на травень. Апеляцыйная скарга жыхара пасёлка Мачулішчы Менскага раёну будзе разгледжаная ў Вярхоўным судзе шостага траўня. Пра гэта паведаміў каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда. 15 лютага Менскі абласны суд вынес смяротны прысуд 31-гадоваму Сяргею Хмялеўскаму  за жорсткае забойства двух і больш асобаў.

Гэты цяжкі прысуд вынеслі пасля перагляду ягонай крымінальнай справы, па якой раней Хмялеўскі быў асуджаны да пажыццёвага зняволення. «Усяго ж у Беларусі смяротнае пакаранне зараз пагражае чатыром асуджаным»,  — кажа Андрэй Палуда:

— Мы ведаем, што цяпер ёсць чатыры справы, па якіх ужо вынесены смяротныя прысуд, і два з іх уступілі ў законную моц. Гэта Кулеш, Іваноў, Хмялеўскія Сяргей, якому прызначаны на 5 траўня наступны разгляд, а перад ім яшчэ Генадзь Якавіцкі, гэта вілейская справа, ягоны разгляд будзе 8 красавіка. Ёсць шмат справаў, па якіх можа быць вынесены такі від пакарання, як смяротнае. Да прыкладу, справа чорных рыелтараў, якую будзе разглядаць магілёўскі абласны суд.  

Напярэдадні калегія Вярхоўнага суда па крымінальных справах разгледзела ў апеляцыйным парадку скаргу асуджанага да расстрэлу жыхара Лідскага раёна — Івана Кулешы, і пакінула прысуд Гарадзенскага абласнога суда ў сіле, а скаргу — без задавальнення.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя