Яшчэ адзін вайсковец скончыў жыццё самагубствам
У Мазырскім пагранатрадзе 20 лістапада ў дзве гадзіны ночы быў знойдзены труп вайскоўца тэрміновай службы з прыкметамі суіцыду, паведамляе Дзяржаўны пагранічны камітэт.
Адзначаецца, што яфрэйтар тэрміновай службы 1999 года нараджэння быў прызваны ў органы пагранічнай службы ў лістападзе 2018 года. Службу праходзіў у Мазырскім пагранічным атрадзе. Характарызаваўся станоўча. Меў заахвочванні ад камандавання часткі, у тым ліку падзяку за разумную ініцыятыву і стараннасць, праяўленыя пры нясенні службы, рашучыя дзеянні па выяўленні і затрыманні парушальніка мяжы, а таксама высокія паказчыкі па службе за III квартал 2019 года.
„З асабістых гутарак устаноўлена, што пасля тэрміновай ваеннай службы планаваў застацца на ваенную службу па кантракце. У лістападзе бягучага года прыбыў з асноўнага адпачынку, які праводзіў дома”, — гаворыцца ў паведамленні Дзяржпагранкамітэта.
Расследаваннем здарэння займаецца Следчы камітэт, які ўсталёўвае прычыны і абставіны трагедыі.
Камандаванне Дзяржпагранкамітэта выказвае спачуванні родным і блізкім ваеннаслужачага.