Яшчэ два выпадкі каронавіруса COVID-19 выяўленыя ў Беларусі
Яшчэ два выпадкі каранавіруса COVID-19 выяўленыя ў Беларусі, паведаміла журналістам раніцай 11 сакавіка прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун. Вірус пацверджаны ў жыхароў Гомеля і Менска.
„У межах актыўнага лабараторнага кантролю грамадзян, што праводзіцца ў нацыянальным аэрапорце Менск, у беларуса, які вярнуўся з Партугаліі, атрыманы станоўчы тэст на каранавірус COVID-19”, — сказала Барадун. РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі зараз праводзіць паглыблены паўторны лабараторны кантроль аналізаў гэтага грамадзяніна. Ён шпіталізаваны ў Гомельскую абласную інфекцыйную клінічную бальніцу, яго стан на гэты момант здавальняючы.
Праводзіцца „актыўная шпіталізацыя пацыентаў першага ўзроўню (грамадзян, якія прыехалі разам з ім з-за мяжы, а таксама тых, хто быў побач з ім у самалёце)”, паведамляе Міністэрства аховы здароўя. Улічваючы, што тэст праведзеныя пры ўездзе ў Беларусь, пагроза далейшага распаўсюджвання віруса ацэньваецца як мінімальная, падкрэсліла Барадун.
Яна таксама паведаміла, што ўдакладняльная дыягностыка праводзіцца ў дачыненні да аднаго з пацыентаў у Менску — ён прыбыў з Германіі і ў момант праходжання мяжы ўтаіў факт знаходжання ў Паўночнай Італіі.
На сённяшні дзень ва ўстановах аховы здароўя Беларусі з дыягназам COVID-19 знаходзяцца 11 пацыентаў. Трое з іх рыхтуюцца да выпіскі. Ва ўсіх пацыентаў стан здавальняючы, павышанай тэмпературы і іншых клінічных праяў хваробы няма.