Яшчэ траіх жанчын апраўдалі па справе “за пікет у лесе”
Суд Кастрычніцкага раёну вырашыў скасаваць адміністрацыйныя справы Раісы Кухто, Людмілы Камінскай і Людмілы Валадкевіч, затрыманых 13 студзеня ў Шпілёўскім лесе пад Віцебскам.
Жанчыны пайшлі на прыроду, каб папрактыкавацца ў скандынаўскай хадзе, але ў аддзеле міліцыі Першамайскага раёну на іх склалі пратаколы за несанкцыянаванае пікетаванне.
З гэтым абвінавачаннем ніводная жанчына не пагадзілася, кажа Людміла Валадкевіч:
– Ды гэта поўны абсурд увогуле! Такая фікцыя сфабрыкаваная міліцыянтамі Першамайскага РАУС – нібыта мы са сцягамі, з крыкамі бегалі па лесе. Для каго гэта? Навошта? Проста ў нашай краіне склалася такая сітуацыя, што ў любой групе людзей, нават калі яны – жанчыны, бачаць нейкае правапарушэнне!
У судовым паседжанні быў апытаны маёр Вадзім Склімянок. Ніякіх доказаў вінаватасці жанчын ён не прывёў, толькі спаслаўся на ананімны тэлефонны званок – нібыта невядомыя паведамілі пра несанкцыянаванае масавае мерапрыемства ў лесе. Спраўдзіць, ці быў такі званок насамрэч, суду не ўдалося: міліцыянт заявіў, што на той момант не працавала сістэма запісу тэлефанаванняў. Суддзя Уладзімір Царыкаў пастанавіў скасаваць адміністрацыйныя справы супраць жанчын праз недаказанасць факту правапарушэння. Атрымліваецца, што ўсе яны сталі ахвярамі міліцэйскага гвалту, зазначае Людміла Камінская:
– Паехалі ў лес пагуляць, адпачыць, большасць з нас – пенсіянеркі… у выніку 6 чалавек утрымлівалі цэлы дзень у райаддзеле міліцыі Першамайскага раёну. А потым, не маючы ніякіх доказаў, нас яшчэ вырашыў нехта змясціць на ноч у ізалятар часовага ўтрымання! Гэта здзек, гэта катаванні!
Праваабаронцы раяць жанчынам патрабаваць кампенсацыі маральных пакутаў. Да ўсяго, адну з затрыманых, пенсіянерку Тамару Ільіну, з пастарунка забрала хуткая дапамога, бо ў жанчыны не было магчымасці своечасова прыняць лекі. Суд над спадарыняй Ільіной адбудзецца пасля таго, як яе выпішуць з кардыялагічнага шпіталю.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск