Яшчэ тры беларускія ВНУ падвысілі кошт навучання



У сакавіку 2020 года яшчэ тры беларускія ўніверсітэты падвысілі кошт навучання — БДУІР, МДЛУ і БДПУ. Прыбаўка да кошту навучання склала ад 5 да 12 адсоткаў,  паведамляе Tut.by.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі прыбаўка да цаны навучання склала ў сярэднім 5-7%, новыя цэны ўступаюць у сілу з 1 красавіка 2020 года.

Напрыклад, за год навучання першакурснікі факультэту кампутарнага праектавання павінны заплаціць 3200 беларускіх рублёў, факультэту кампутарных сістэм і сетак — 3550 рублёў, столькі ж — студэнты першага курсу факультэту інфармацыйных тэхналогій і кіравання. Змена цэнаў залежыць ад формы і курсу навучання.

Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт падняў кошт навучання з 9 сакавіка. Год навучання для першакурснікаў ВНУ цяпер будзе каштаваць 3060 рублёў, для другакурснікаў — 3030, для студэнтаў трэцяга і чацьвёртага курсаў — 2980 рублёў.

Як адзначаецца ў загадзе рэктара, падвышэнне цэнаў звязана «са зменай тарыфаў на камунальныя і транспартныя паслугі, выдаткаў на абслугоўванне ўніверсітэту, на набыццё літаратуры і падпісных выданняў, на набыццё і рамонт абсталявання, а таксама з памерам тарыфнай стаўкі першага разраду».

З 1 сакавіка падвысіў кошт навучання Беларускі дзяржаўны педагагічны ўнівэрсітэт. У сярэднім падвышэнне склала 12%.

У лютым пра рост коштаў навучання абвясцілі БДУ, БНТУ, БДЭУ і Берасцейскі дзяржаўны ўніверсітэт. Цана навучання ў БДУ падвысілася ў сярэднім на 12%, у БНТУ — на 7%, у БДЭУ — на 3-5%, у Берасцейскім універсітэце імя Пушкіна — на 12%.