Яўген Афнагель: На Акрэсціна лепш сядзець з “палітычнымі”



Актывіст кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель распавёў пра тое, ці палепшыліся ўмовы ўтрымання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў Менску.

Днямі актывіст выйшаў на волю пасля адбыцця 15 сутак арышту і падзяліўся сваімі ўражаннямі ад таго, што ўбачыў на Акрэсціна.

Яўген Афнагель: Апошні раз я быў у турме на Акрэсціна вясной. Усе бытавыя ўмовы засталіся ранейшымі – брудныя камеры і агульная антысанітарыя. Але зараз крыху змянілася стаўленне аховы. Нас штодня выводзілі на прагулкі, двойчы за 15 сутак – у душ. Не было абмежаванняў у перадачах, не было абразаў і пагроз, як раней. Думаю, што на гэта паўплывалі пратэсты грамадскіх актывістаў і праваабаронцаў. Аднойчы, калі прагулка працягвалася амаль дзве гадзіны, адзін з міліцыянтаў сказаў, што гэта „каб потым скаргі не пісалі”.

РР: Глядзяць далёка наперад…

Яўген Афнагель: Бачна, што яны пабойваюцца розгаласу пра тыя парушэнні закону, якія самі дапускаюць. Звычайныя зняволеныя, якія траплялі ў камеру, дзе быў я, казалі, што да іх стаўленне іншае – вельмі рэдка дазваляюць прагулкі, не выдаюць бялізну, а часам нават на дзень забіраюць матрацы. Таму тыя з іх, хто на Акрэсціна не першы раз, кажуць, што „лепш сядзець з палітычнымі”. На жаль, па-ранейшаму ўсім зняволеным не перадавалі лісты з волі і не дазвалялі пісаць іх.

РР: Што за кантынгент зараз у ізалятары?

Яўген Афнагель: У параўнанні з вясной змяніўся склад людзей, якія адбываюць адміністрацыйны арышт. Раней большасць з іх былі асобамі без сталага месца жыхарства, бытавымі хуліганамі. Зараз на працягу 15 сутак праз камеру, у якой я знаходзіўся, прайшлі амаль два дзясяткі чалавек. Большасць з іх – людзі, якія ці страцілі працу ў гэтым годзе, ці маюць часовыя падпрацоўкі. За краты яны патрапілі з-за таго, што кралі ў крамах. А кралі, паводле іх слоў, таму што не хапае грошай на ежу і камуналку. Яны прама кажуць, што іншай магчымасці выжыць зараз не маюць і пасля выхаду на волю працягнуць рабіць тое ж самае.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя