Яўген Афнагель: Усё залежыць ад нас саміх



Грамадскі актывіст Яўген Афнагель падводзіць вынікі мінулага года.

Яўген Афнагель: Я лічу, што гэта быў год перамог. Безумоўна, галоўнай падзеяй сталі пратэсты, якія пачаліся з «Марша абураных беларусаў» у Менску і пракаціліся па дзясятках гарадах краіны. У рэшце рэшт, іх мэта была дасягнута — дэкрэт №3 адменены. Упэўнены, што ўлады ніколі не вернуць яго ў тым выглядзе, што быў раней. І гэта – наша агульная перамога. Яшчэ адна перамога адбылася ў інфармацыйнай прасторы. Беларусы з гумарам і крэатыўнасцю падышлі да сцэнару вучэнняў «Захад-2017» і літаральна за некалькі дзён нанеслі паразу маскоўскім распрацоўшчыкам сцэнароў гібрыдных войнаў на тэрыторыі нашай краіны. Мем “Вейшнорыя” насуперак задумкам яго стваральнікаў стаў сімвалам барацьбы за свабоду. Але кажуць, што самая галоўная перамога — над сабой. І ў 2017 годзе ёй могуць ганарыцца тысячы нашых суайчыннікаў, якія ўпершыню выходзілі на вуліцы і плошчы гарадоў і мястэчак, гучна выказвалі свае думкі на мітынгах, у блогах і звычайных размовах з сябрамі і калегамі. У краіне з’явіліся дзясяткі людзей, якія за некалькі дзён станавіліся лідарамі пратэстаў, і якіх сёння пазнаюць па ўсёй краіне. Думаю, што яны яшчэ не раз праявяць сябе.

РР: Чым асабіста вам запомніўся 2017-ы год?

Яўген Афнагель: Дэманстрацыяй салідарнасці, ўзаемадапамогі і еднасці беларусаў. Сотні людзей дапамагалі арыштаваным удзельнікам акцый пратэсту і іх сем’ям. Тысячы кінулі свае справы і адправіліся ў Белавежскую пушчу, каб прыняць удзел у пошуках зніклага хлопчыка. Дзясяткі тысяч скандавалі лозунг «Жыве Беларусь!» пад бел-чырвона-белымі сцягамі на канцэртах Міхалка і на Лідскім фэсце. Падобных падзеяў не было раней, яны ўражваюць і ясна паказваюць, наколькі змянілася наша грамадства.

РР: На ваш погляд, ці зменіцца ў лепшы бок сітуацыя з правамі чалавека ў 2018-м годзе?

Яўген Афнагель: Гэта залежыць ад нас саміх. Па-ранейшаму застаецца сур’ёзная пагроза самому існаванню нашай краіны. У Беларусі знаходзяцца расейскія войскі і тэхніка. Як паказалі вучэнні «Захад-2017», улады няздольныя адэкватна рэагаваць нават на інфармацыйныя ўкіды з боку Масквы. Хутка мы будзем адзначаць сотую гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Безумоўна, гэта будзе адна з самых галоўных падзеяй 2018 года і адначасова самым галоўным выклікам для беларусаў. 25 сакавіка мы ўбачым, ці гатовыя мы «людзьмі звацца», ці заслужылі права мець сваю дзяржаву, ці можам абараніць яе і сябе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя