Яўген Дудкін: Ісці і ставіць крыжыкі – значыць пацвердзіць свой удзел у гэтым нелегітымным рэферэндуме



Беларусь рыхтуецца да рэферэндуму па зменах Канстытуцыі краіны. Ён абвешчаны на 27-га лютага. Стратэгічна, пры палітычным кантролі грамадзянаў, кожныя змены, пры захаванні таталітарнага рэжыму, не мяняюць сутнасці галасавання. Бо як не было правоў грамадзянаў, у гарантаваных артыкулах канстытуцыі 1994 году, то скуль упэўненасць, што будзе лепш? Не, будзе толькі горш, мяркуе Госць Рацыі ў размове з нашым карэспандэнтам Якубам Сушынскім.

Яўген Дудкін

Госцем Рацыі з’яўляецца Яўген Дудкін, кіраўнік варшаўскай суполкі Беларускай Хрысціанскай Дэмакратыі.

РР: Мы з Вамі гутарым акурат у тыдзень, калі пачынаецца папярэдняе галасаванне на адное пытанне, якое вынесена ўладамі на рэферэндум – аб зменах у Канстытуцыі Беларусі. З якімі пачуццямі Вашая суполка БХД успрымае гэтую падзею, а таксама якую з гэтага робіце выснову? Бо галасаванне па рэферэндуму для беларусаў на тэррыторыі Польшчы праводціцца не будзе.

– Так, сапраўды так званы «рэферэндум» нашымі сябрамі не прызнаецца. У нас бываюць сустрэчы, і фактычна ўсе выказваюцца за тое, што няма магчымасці грамадзянам Беларусі выказацца як у Беларусі, так і за межамі. Ёсць прапанова арганізоўваць акцыі пратэсту, далучацца да акцый пратэсту. Была думка, каб зрабіць свой публічны рэферэндум, збіраць подпісы за тыя пытанні, якія актуальныя для беларусаў. Актуальнымі засталіся патрабаванні са жніўня 2020 году. Гэта вызваленне палітычных вязняў, завядзенне крымінальных справаў на тых, хто прычыніў гвалт. Зразумела, сёння будзе цяжка гэта зрабіць, але тое, што мы можам рабіць – звяртаць увагу грамадства Беларусі на гэтыя пытанні.

РР: Я так разумею, што не толькі Вы ў Варшаве, але і самі беларусы ў Беларусі наўрад ці могуць паўплываць на адное пытанне. Ім застаецца альбо прыйсці, альбо застацца дома. Не ўпэўнены, што магчымасці заклікаў ставіць крыжыкі прывядуць да нейкай высновы. Як Вы лічаце?

– Цалкам з Вамі згодны. Што ісці і ставіць крыжыкі, гэта значыць пацвердзіць свой удзел у гэтым нелегітымным, незаконным мерапрыемстве, якое праводзяць, каб узаконіць фактычнае рабства. Гледзячы на аналітыку розных палітолагаў, гэты варыянт абмяжоўвае вельмі шмат правоў беларусаў, абмяжоўвае магчымасць прадставіць альтэрнатыўную думку, вылучыць альтэрнатыўных кандыдатаў, якія маглі бы прадставіць зусім іншы шлях развіцця краіны. Па-другое, вопыт мінулых кампаній паказвае, што колькі не прыходзілі б выбаршчыкі, колькі б не давалі галасоў за свайго кандыдата, усё роўна выбарчая камісія зробіць так, як яна лічыць. 2020 год гэта яскрава паказаў: былі гатовыя, каб збіваць, забіваць людзей. Гэтыя тры дні жніўня – гэта тое, што мы можам атрымаць зараз, у 2022 годзе.

Слухайце гутарку цалкам у далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя