Яўген Дудкін: Збіраем подпісы за наш праект закона аб адукацыі
Штодня ў Гародні Яўген Дудкін праводзіць сустрэчы з выбарцамі і пікеты як кандыдат у дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў па выбарчай акрузе № 50.
Гэтая выбарчая акруга мае каля 60 тысячаў жыхароў, якія пражываюць у дамах катэджнага тыпу і шматкватэрных. Пікет, які прайшоў каля гандлёвага цэнтра „Розавы фламінга” быў прысвечаны тэме падвышэння аўтарытэту работнікаў адукацыі і месца ў сістэме адукацыі дзяржаўнай, беларускай, мове.
Кажа Яўген Дудкін:
– Зараз мы збіраем подпісы ў падтрымку нашага законапраекта, распрацаванага разам з экспертамі. Гэта законапраект аб адукацыі. У ім ёсць пункты адносна падвышэння заробку настаўнікам. Бо зараз аўтарытэт настаўнікаў вельмі нізкі з прычыны іх нізкага заробку і вялікай залежнасці ад адміністрацыі ў вертыкалі. Сярод гэтых пунктаў ёсць такое, як акадэмічная свабода вышэйшых навучальных устаноў, і таксама змена падыходу ў навучанні.
У сваёй праграме Яўген Дудкін выступае за тое, каб сацыяльная палітыка была для людзей, а не супраць людзей. За моцную сям’ю, за права налічэння ў страхавы стаж догляд за інвалідамі і састарэлымі бацькамі.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя