Яўген Клімук: Міліцыя тыдзень „запрашае” на размовы
За сябрам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Яўгенам Клімуком, са Скідзеля, ужо больш тыдня сочыць міліцыя, каб уручыць яму позвы.
Пра пастаянны ціск міліцыі кажа Яўген Клімук:
– Мне патэлефанаваў участковы, хацеў кшталту праверыць ці ёсць у мяне відэаназіранне або ахоўная сігналізацыя. Дзесьці напачатку пятай прыехаў участковы, за ім ззаду бус. Бус танаваны, на менскіх нумарах з людзьмі нейкімі незразумелымі. Я не адкрыў канешне, сеў у машыну і паехаў.
Яўген Клімук быў сведкам затрымання Сяргея Ціханоўскага ў Гародні, на думку актывіста, „паляванне” на яго звязана з гэтай справай:
– Пасля патэлефанаваў следчы, што на мяне складзены пратакол па адміністрацыйнаму парушэнню 17.1. Хацеў са мной сустрэцца, я адмовіўся, адключыў тэлефон і ўсё. Пасля мне хацелі ўручыць позву, каб з’явіцца ў якасці сведка ў Ленінскі РАУС. Мяне не было на месцы, позву я пабачыў у суботу ўжо, вызывалі на пятніцу. Мяне выклікалі сведкам па справе Ціханоўскага.
Па словах Яўгена Клімука, ён сваёй першай задачай лічыць збор подпісаў за Святлану Ціханоўскую, таму яго амаль штодня можна ўбачыць на пікетах па зборы подпісаў у Гародні, куды ён адмыслова прыязджае.
Беларускае Радыё Рацыя