Яўген Меркіс: Для мяне не з’яўляецца нечаканасцю вынесены мне прысуд
35 базавых велічыняў штрафу абавязаны выплаціць дзяржаве гомельскі журналіст-фрылансер Яўген Меркіс за анлайн-трансляцыю пікета ў падтрымку Святланы Ціханоўскай.
Суддзя Цэнтральнага раённага суда Віктар Казачок падтрымаў пазіцыю міліцыянтаў, якія склалі ў дачыненні да журналіста пратакол паводле артыкула 22.34 Адміністрацыйнага Кодэксу (незаконы выраб і распаўсюд інфармацыі). Яўген Меркіс перакананы, што пераслед абумоўлены выбарчай кампаніяй.
– Для мяне не з’яўляецца нечаканасцю вынесены мне прысуд. Ён з’яўляецца чарговым этапам у спробе ўладаў ціснуць на незалежных журналістаў, якія спрабуюць распаўсюджваць інфармацыю пра тое, што сапраўды робіцца ў Беларусі ва ўмовах засілля дзяржаўных СМІ і прапагадны. І, канешне, гэта ўсё звязана і ў тым ліку з выбарамі, якія набліжаюцца. Улады напалоханыя, яны не хочуць, каб людзі ведалі тое, што сапраўды адбываецца ў абласных цэнтрах, у маленькіх гарадах.
Яўген Меркіс пры дапамозе юрыста “Беларускай Асацыяцыі Журналістаў” Леаніда Судаленкі намераны абскардзіць рашэнне суда ў вышэйшай інстанцыі, каб потым мець падставы для звароту ў Камітэт ААН па правах чалавека.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота tut.by