Яўген Скрабец: Пастанова суда першай інстанцыі засталася ў сіле
У Берасцейскім абласным судзе разглядзелі скаргу журналіста Яўгена Скрабца на штраф па адміністрацыйным пратаколе, які яму вынеслі па артыкуле аб „працы без акрэдытацыі”.
Першы разгляд справы адбыўся 30-га кастрычніка, тады Яўген Скрабец быў аштрафаваны на 20-ць базавых велічыняў:
– Маю скаргу на рашэнне суда Ленінскага раёна горада Берасця ад 30-га кастрычніка 2018 года разглядала ў берасцейскім абласным судзе суддзя Руслана Сінько. Яна пакінула рашэнне суда папярэдняй інстанцыі без змяненняў. Мне прыйдзецца сплаціць штраф у памеры 20-ці базавых велічыняў – гэта 420 беларускіх рублёў.
Журналіст, які супрацоўнічае з Беларускім Радыё Рацыя, лічыць судовы пераслед палітычна матываваным і звязаным з асвятленнем пратэстных акцый супраць пабудовы акумулятарнага завода пад Берасцем.
Разгляд у абласным судзе не даў эфекту – пастанова суда першай інстанцыі засталася ў сіле.
Беларускае Радыё Рацыя