Яўген Вапа: 25 сакавіка – свята свабодных людзей
Беласток далучаецца да марафону святкавання Дня Волі. Урачыстасці з нагоды абвяшчэння незалежнасці БНР пройдуць сёння ў сталіцы Падляшша. Арганізатарамі з’яўляюцца Саюз беларусаў у Польшчы, тыднёвік беларусаў у Польшчы «Ніва», Беларускае Радыё Рацыя, Аб’яднанне ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову «АБ-БА», Беларускае аб’яднанне студэнтаў (БАС) і Беларускае гістарычнае таварыства.
Госць у нашай студыі – старшыня ўправы нашага радыё Яўген Вапа.
РР: Што чакае тых, хто прыйдзе на традыцыйныя ўрачыстасці?
Яўген Вапа: Арганізатары і людзі, якія бяруць удзел у святкаваннях, – гэта наша грамадскасць Беласточчыны. Таму гэта святкаванне Дня Волі ўсім нашым беларускім асяроддзем.
Найважнейшым ёсць момант менавіта самой сустрэчы, памяці пра падзеі, якія былі 98 гадоў таму, якія сталі падмуркам беларускай дзяржаўнасці. Бо Акт 25 сакавіка для беларусаў азначае адно: у 1918 годзе на руінах той Еўропы, якая была да Першай сусветнай вайны, з’яўляюцца падмуркі новых дзяржаваў. Так, некаторыя дзяржавы пабудавалі дом, а мы пабудавалі падмурак нашай незалежнасці і дзяржаўнасці. І гэты падмурак быў такі моцны, што ён надалей натхняе, ёсць паказальнікам таго, да чаго імкнуліся і павінны надалей імкнуцца ўсе беларусы.
Варта адзначыць таксама, што менавіта Акт 25 сакавіка змяніў наша мысленне з этнаграфічна-фальклорных катэгорый на палітычна-дзяржаўныя. У гэтым і ёсць аснова, значэнне таго акта. Беларусы ў сваіх душах, думках выразна акрэслілі, што яны ніколі не адракуцца ад аднаго вымярэння – існавання ў катэгорыях палітычна-дзяржаўных. А ўвядзенне гэтага ў генетычны код свайго муслення ёсць асновай для існавання як роўны з роўным, як незалежны з незалежным. Вось у гэтым вялікая сіла Акта 25 сакавіка.
Усе разумеюць, што паслядоўныя ўтварэнні на аснове ці БССР, ці Рэспублікі Беларусь не сталі б магчымымі без таго акта. Адсюль і такая ўвага да святкавання гэтага дня – 25 сакавіка. А ўлады доўгі час спрабавалі замоўчваць гэта важнае і патрэбнае, стараліся не дапускаць, каб веды пра Акт 25 сакавіка праз школьныя падручнікі па гісторыі дайшлі да вучняў, да душы і сэрца беларусаў. Калі ўжо будзе беларуская незалежнасць і дзяржаўнасць у поўным разуменні гэтых слоў, то і свята гэта будзе адзначацца ўжо на дзяржаўным узроўні, з гучнымі ўрачыстасцямі, як гэта робяць іншыя дзяржавы.
Мы, беларусы ў Польшчы, святкуем гэта свята не першы год, дзесьці ад другой паловы 80-х гадоў. Будзе амаль 30 гадоў гэтым святкаванням. Калі глядзіш і бачыш, што людзі без аніякага прымусу і абавязку, з патрэбы сэрца прыходзяць на святкаванне Дня Волі – тады ёсць у гэтым нешта важнае. Таму 25 сакавіка – гэта свята свабодных людзей.
РР: Традыцыяй апошніх гадоў стала тое, што распачынаюць урачыстасці выступы дзяцей. Ці азначае гэта, што маладое пакаленне таксама расце ў гэтай свядомасці, разуменні важнасці 25 сакавіка?
Яўген Вапа: На гэтае святкаванне маюць уплыў хіба што два чыннікі.
Па-першае, гэта бацькі, што гадамі прыходзілі са сваімі дзецьмі, якія ўжо павырасталі. І гэтыя дзеці надалей прыходзяць на святкаванні.
Па-другое, гэта беларуская мова і навучанне ёй у дзіцячых садках і школах Беластока. І гэтыя вучні выступаюць на такіх святкаваннях: бяруць удзел у мастацкай частцы, рыхтуюць вершы і песні, якія нясуць у сабе зарад нацыянальнай радасці і патрыятызму. І гэта застаецца ў нашай памяці, ёсць сведчаннем таго, што наша беларускасць, наша існаванне магчымае.
Сёння вельмі важна верыць у нешта канкрэтнае, пазітыўнае, не апускаць рукі. І таму святкаванне 25 сакавіка для мяне – гэта заўсёды пазітыўны настрой, радасць ад сустрэчы з людзьмі, якіх бачыш раз на год, менавіта ў час святкавання Дня Волі. Гэта тое, што нас яднае. І вядома, у сённяшняй нашай праграме не можа не быць месца для дзяцей. Яны абавязкова выступяць на нашай сцэне. Будуць таксама розныя неспадзяванкі ў час іх выступу, які запланаваны на самы пачатак святкавання. Таму раю не спазняцца. Пачатак у 17:00.
РР: Крыху сумная атмасфера святкавання Дня Волі тут, у Беластоку. Акрамя таго, што пазней святкуем, то яшчэ беларусы ў Беларусі і ва ўсім свеце развітваюцца і ўзгадваюць апошняга Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча. Ці падчас святкавання 25 сакавіка будзе зроблены нейкі акцэнт на гэта?
Яўген Вапа: Першапачаткова мы планавалі, што ў час святкавання адбудзецца канцэрт барда Эдуарда Акуліна. Аднак у звязку з такой сумнай навіной Эдуард Акулін займаецца арганізацыяй пахавання Ніла Гілевіча, дапамагае яго сям’і, бо духоўна быў вельмі блізка звязаны з Народным паэтам. І натуральна, яму цяжка выступаць у такі час.
У памяць пра Ніла Гілевіча мы падрыхтавалі падборку дакументаў пра яго і Акт 25 сакавіка. Хачу адзначыць, што адзіныя ўрачыстыя святкаванні Акта 25 сакавіка адбыліся ў 1993 годзе з нагоды 75-й гадавіны абвяшчэння БНР. Мне тады пашчасціла быць на тых святкаваннях у Менску. Я і сёння памятаю тую атмасферу. Галоўным выступоўцам пра значэнне Акта 25 сакавіка быў якраз Ніл Гілевіч. І сёння мы зможам паслухаць яго выступленне 1993 года, а таксама іншыя дакументальныя рэчы, якія мы знайшлі ў відэаархівах. На жаль, якасць некаторых будзе не найлепшай, але ўсё распазнавальна, голас вельмі добры. Таксама будзе прадстаўлена апошняе з ім інтэрв’ю, якое ён даў для нашага радыё. Там Ніл Гілевіч дзеліцца сваімі разважаннямі пра тое, якой павінна быць Беларусь.
Памятайма, што ён распрацоўваў закон аб беларускай мове як адзінай дзяржаўнай у Беларусі. Была зроблена вялікая справа.
Зыходзячы з ўсяго гэтага, сёння мы ад радасна-музычнага святкавання пяройдзем у бок рэфлексіі, бо адыходзіць апошні Народны паэт, апошні з вялікіх зуброў, што адышлі на нашых вачах, у наш час. Гэта, акрамя Ніла Гілевіча, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін. Яны 4 кіты, на якіх трымалася пэўная ідэя, каштоўнасць і адказнасць, а таксама пэўныя патрабаванні. Бо аўтарытэты будуюцца на патрабаваннях. А з боку гэтых людзей патрабаванні да саміх сябе, да ўлады і грамадства былі. І таму яны для нас аўтарытэты, мы павінны іх па-чалавечы ўшаноўваць.
Акрамя таго, мы, беларусы Беласточчыны, маем важныя справы. Гэта юбілей тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» – яму сёлета споўнілася 60 гадоў. Гэта 70-я гадавіна пацыфікацыі беларускіх вёсак у 1946 годзе.
Увогуле, 2016 год – вельмі багаты на юбілеі, даты, якія вынікаюць менавіта з Акта 25 сакавіка. Так, у ліпені 1991 года быў абвешчаны Акт Незалежнасці Беларусі. Гэта 25 гадоў таму – круглая дата. Сёлета маем 30-ю гадавіну чарнобыльскай трагедыі.
Усё гэта паказвае, якія фактары на працягу апошніх 40-50 гадоў уплывалі на жыццё нашай нацыі. І таму Дзень Волі – заўсёды хвіліна рэфлексіі, каб глянуць на ўсё гэта з пазіцыі чалавечага прамінання і вечнасці нацыянальных ідэй. І мы павінны больш уважліва, задумліва, але таксама з радасцю святкаваць, шанаваць продкаў, якія зрабілі выклік у не самы лепшы і спрыяльны час для ўсяго свету.
РР: І гэту спадчыну, якая засталася ад нашых продкаў, ад нашых пісьменнікаў і паэтаў, волатаў беларусай думкі, што адыходзяць ад нас, мы мусім захаваць і развіваць.
Беларускае Радыё Рацыя запрашае ўсіх жадаючых на святкаванне Дня Волі ў Беластоку ў кафэ „Zmiana Klimatu” (вул. Варшаўская, 6). Пачатак у 17:00.
Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя