Яўген Вапа: Беларускасць і Беларусь – нармальная частка еўрапейскай незалежнай, дэмакратычнай прасторы
У Осла ўжо сёння пачаліся нобелеўскія дні, цырымонія ўручэння прэміі міру пройдзе заўтра, 10 снежня. Па традыцыі, на ўрачыстую цырымонію ўручэння Нобелеўскай прэміі яе лаўрэат можа запрасіць каля дваццаці гасцей. Што і зрабіў Алесь Бяляцкі, і зрабіў ён гэта з-за кратаў. Сярод запрошаных гасцей і старшыня ўправы Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа, які сёння ў Осла.
У нашым эфіры ён расказаў пра сённяшнія сустрэчы ў нобелеўскім інстытуце жонкі Алеся Бяляцкага.
РР: Як прайшоў сённяшні дзень у сталіцы Нарвегіі?
Яўген Вапа: Дзень прайшоў вельмі працоўна для лаўрэатаў і гасцей, якія спадарожнічаюць, і для тых, хто атрымлівае Нобелеўскую прэмію міру. Ужо з раніцы а дзясятай у гатэлі, у якім жывуць лаўрэаты, адбылася доўгая гадзінная размова для нобелеўскага цэнтра міру пра меркаванні гасцей, чым ёсць мір, чым ёсць вайна, якія развязкі мірных канфліктаў. І тут была менавіта гэта магчымасць для тых, хто будзе атрымліваць узнагароды, то-бок Наталлі Пінчук як жонкі Алеся Бяляцкага, Яна Рачынскага, які будзе атрымліваць прэмію “Мемарыялу” і Аляксандры Мацвійчук з “Цэнтра грамадзянскіх свабод”. І вось яны мелі магчымасць адказваць на пытанні вельмі натуральна, вельмі шчыра пра погляды на суадносіны расейска-беларуска-ўкраінскія, ну, і вядома, – вайна.
Гэтая прэс-канферэнцыя перайшла плаўна ў другую прэс-канферэнцыю, калі мы пераехалі ў Нарвежскі нобелеўскі інстытут і там мы бачылі тое, што адбываецца, – зацікаўленне ўсіх СМІ, усяго свету. Там адбылася сустрэча з Нарвежскім нобелеўскім камітэтам усіх тых, якія будуць узнагароджаныя. Але перад гэтым больш за гадзіну доўжылася сустрэча са СМІ, якія задавалі пытанні пра ўсё, што дзеецца ў гэтым трохкутніку – Беларусь-Расея-Украіна. Але ж самае важнае – гэта, вядома, большасць пытанняў было прысвечана Украіне-Расеі. І тут адна прадстаўніца Украіны ясна заявіла, што існуе патрэба міжнароднага трыбуналу і для Пуціна, і для Лукашэнкі, і для іншых злачынцаў.
Наталля Пінчук распавядала, што на Беларусі гэта вайна супраць уласнага народа трывае досыць даўно. Спадарыня Наталля Пінчук падкрэслівала тое, што трэба глядзець на Беларусь як неад’емную частку тых працэсаў, якія ідуць, і што традыцыя і бачанне беларускай незалежнасці і дэмакратыі мае далёкія карані. То-бок гісторыя Украіны, гісторыя Расеі – гэта розныя цывілізаваныя выбары ўжо даўнейшых гадоў, і тут уплыў бальшавізму, і такі вельмі моцны.
Вельмі моцным і кранальным было выказванне спадарыні Наталлі пра тое, што яе кантакты з Алесем толькі ў форме лістоў, то-бок абмежаваныя. А завяршыла яна словамі, што будучыня і незалежнасць Беларусі вырашаецца сёння на баявых палях Украіны. І гэта праўда, і ўсе дакладна разумеюць, што без еднасці і перамогі дэмакратычнага свету ў гэтай вайне з Імперыялістычнай Расеяй гаварыць пра правы чалавека, пра салідарнасць, пра будучыню няма сэнсу. Свет паўстаў перад новымі выклікамі, і пра гэта ў адкрытую гаварылася.
Прадстаўнік “Мемарыялу” Ян Рачынскі прадстаўляў каротка і проста – калі ва ўласнай краіне правы чалавека задушваюцца і калі ідзе экспансія, то такая палітыка вядзе да небяспекі ўсяму свету.
Тут, нягледзячы на розныя дзяржавы, якія знаходзяцца ў стане вайны, тыя. хто атрымаў Нобелеўскую прэмію, іхнія погляды ўсё ж такі яднаюцца, што дыктатура, тыранія – гэта пагроза чалавецтву, гэта пагроза дэмакратыі, гэта пагроза нам, звычайным людзям, якія хочуць звычайна жыць і мець сваё права проста на жыццё. Вайна адбірае такія правы.
РР: Ведаю, што спадарыня Наталля Пінчук пакінула запіс у гасцявой кнізе. Вядома, што яна там запісала? Бо вы яе суправаджалі і, напэўна, бачылі.
Яўген Вапа: Для мяне і думаю, што для ўсіх нас, беларусаў, гэта вялікая справа, што менавіта Нобелеўская прэмія міру трапляе да Алеся Бяляцкага, які ёсць сімвалам змагання за незалежную Беларусь з 80-х гадоў і што яго сувязь ёсць з усімі беларусамі, у тым ліку і беларусамі Беласточчыны. І для нас гэта таксама вялікі гонар, што мы ёсць у той духоўнай сувязі і што мне як беларусу Беласточчыны выпаў гонар суправаджаць спадарыню Наталлю ў тыя хвіліны, важныя для ўсіх беларусаў, і адчуваю вялікую трывогу за тое, што дзеецца агулам у Беларусі, і з палітвязнямі. Яна казала пра ўсіх палітвязняў і пра тое, чым ёсць Беларусі і якая будучыня для Беларусі.
І запісы менавіта ў гасцявой кнізе лаўрэатаў, якія пакідаюць свае думкі пад подпісам у той дзень, калі была там у Нарвежскім нобелеўскім інстытуце. Хачу зачытаць тыя словы, якія менавіта запісала Наталля Пінчук у гэтай кнізе: “Ад імя Алеся Бяляцкага, беларускіх праваабаронцаў, беларускага народу выказваю ўдзячнасць за прэмію салідарнасці. Беларусь будзе вольнай, дэмакратычнай і незалежнай, калі запануюць праўда і правы чалавека, а таксама пераможа Україна! Жыве Беларусь!”
Вось гэтыя словы застаюцца ўжо для вечнасці, для беларусаў усяго свабоднага свету, а таксама для будучыні. І думаю, што такі запавет нязломнай веры Алеся і мільёнаў беларусаў, якія будуць заўсёды верыць у сваю незалежную Беларусь.
РР: Сёння быў дзень вельмі насычаны, заўтра самае істотнае пачынаецца ў трынаццаць гадзін, пачынаецца ўручэнне Нобелеўскай прэміі міру, але да таго яшчэ ўдзельнікаў, лаўрэатаў чакаюць шматлікія абавязкі, інтэрв’ю розным станцыям. Ці гатовая спадарыня Наталля Пінчук да выступу, да сваёй Нобелеўскай лекцыі?
Яўген Вапа: Мне здаецца, што спадарыня Наталля, якая гадамі з Алесем бярэ на свае плечы, галаву ўвесь цяжар змагання менавіта сістэмных дзеянняў супраць яе мужа, супраць беларускага народу, што і гэтым разам яна ў такім месцы не падводзіць. Яна не падводзіць мужа, сваіх знаёмых, сяброў, яна не падводзіць беларускую грамадскасць і справу. Бо яе тэмы, яе выступленні служаць вакол аднаго – вакол менавіта адказнасці Алеся, як і ўсіх, за ўсіх беларусаў і свабоду ўсіх беларусаў.
І самае галоўнае, што яна ўсе выступы, усе размовы ад пачатку да канца вядзе выключна на беларускай мове, і таму трансляцыі, пераклады ідуць з беларускай на англійскую мову, дзе патрэбна. І заўтрашні выпуск спадарыні Наталлі будзе ісці на беларускай мове. І ў сітуацыі, калі беларуская мова ёсць адным са шчытоў абароны незалежнасці дэмакратычнай Беларусі, то менавіта той шчыт вельмі высока ўзносіць падчас гэтых нобелеўскіх дзён спадарыня Наталля. І тут я, будучы побач з ёй, бачу, праўда, у вельмі стандартных сітуацыях і якія ўжо па-за афіцыйнымі трансляцыямі, ва ўсім тую беларускасць, тую адказнасць за тое і, менавіта, тую надзею на тое, што трэба гэта рабіць, і гэта павінна рабіцца. У яе гэта нармальнасць, гэта не ёсць чыёсьці прыдуманае, тут няма нічога гвалтоўнага, гэта жыццё ў беларускасці здаўна. І вось жыць у дэмакратычнай, беларускай Беларусі. І за гэта з майго пункту гледжання і з пункту гледжання беларускага – гэта вялікая справа, што беларускасць і Беларусь – нармальная частка еўрапейскай прасторы, незалежнай, дэмакратычнай. І тую справу, якую гадамі рабіў Алесь, спадарыня Наталля сёння годна прадстаўляе на міжнародным сусветным форуме.
Беларускае Радыё Рацыя