Яўген Вапа: Без роднай мовы мы не пабудуем нашай будучыні
28 красавіка ва Управе Падляшскага ваяводства ў Беластоку прайшла першая сустрэча, якая падсумоўвала вынікі гадавой працы паводле Стратэгіі развіцця беларускай асветы ў Польшчы ды акрэслівала праблемы і планы на будучыню.
Сярод удзельнікаў сустрэчы быў старшыня Беларускага саюза ў Рэчы Паспалітай Яўген Вапа.
РР: Адным з першых і важнейшых пунктаў Стратэгіі з’яўляецца магчымасць дзяцей і моладзі, пры жаданні іхных бацькоў, вывучаць беларускую мову ад садка да матуры. З гэтым, на жаль, сёння існуюць праблемы.
Яўген Вапа: Для мяне найважнейшай праблемай за год існавання Сіратэгіі стала тое тое, што інфармацыя пра гэты дакумент, які з’яўляецца вельмі важным для беларускай меншасці ў Польшчы, не трапіла ў поўным выглядзе да ўсіх зацікаўленых: а ні да дырэктараў усіх школ у Падляшскім ваяводстве, а ні да самаўрадаўцаў. На сустрэчы толькі два самаўрады – бургамістр Гайнаўкі і войт Чаромхі – дэлегавалі сваіх прадстаўнікоў.
Цягам апошніх гадоў мы маем стабільна прыбліза 3 тысячы дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову. Сёння навучанне беларускай мове адбываецца ў вялікіх гарадах і гмінных пасёлках. І калі мы сёння маем законныя падставы гэтым карыстацца, то было б натуральна, каб у большым горадзе рэгіёна адбывалася развіццё і ўмацоўванне дзіцячых садкоў, пачатковай школы і гімназіі, у якія будуць плаўна пераходзіць вучні ад малодшага да старэйшага.
РР: А на сустрэчы мы пачулі, што наадварот, садок у Беластоку на два беларускія аддзелы менш прымае дзетак у гэтым годзе, хоць ахвотныя ёсць.
Яўген Вапа: Гэта сігналы пра тое, што ёсць або неразуменне сітуацыі з навучаннем беларускай мове і гэтай сістэмы навучання. Або гэта прыхаваная непрыхільнасць.
РР: Толькі ад напорыстасці бацькоў залежыць ці будуць іхных дзяцей навучаць роднай мове ў садку. Зараз закон абавязвае ўстанову забяспечыць навучанню мове нацыянальнай меншасці, калі бацькі гэтага патрабуюць.
Яўген Вапа: Але існуе і псіхалагічная праблема, і гэта вельмі істотна. Беларуская супольнасць невялікая. Многія задаюцца пытаннем, а навошта гэтая валакіта, калі можна без турбот аддаць дзіця ў садок, дзе яго будуць вучыць ангельскай мове?
Быць адукаваным не значыць закончыць адукацыю на ўзроўні прадшколля ці 6 класаў пачатковай школы. Калі чалавек навучыцца лічыць да 200 і прачытае па-беларуску сваё імя і прозвішча, і гэта ўсё, што звязвае яго з беларускай адукацыяй, то гэта не тое, чаго патрабуе здаровы сэнс існавання нацыі.
РР: Натуральным завяршэннем адукацыі, не для ўсіх зразумела, а таксама для забеспячэння нацыянальных кадраў, была б беларуская філалогія ці этнафілалогія і матура.
Яўген Вапа: Адной з праблем з’яўляецца складаная дэмаграфічная сітуацыя, з-за якой зачыняюцца беларускія класы, а ў перспектыве зачыняцца цэлыя школы. Але трэба працаваць і ўсведамляць, што без уласнай мовы мы не збудуем нашай будучыні.
Калі б беларуская мова ўвайшла ў грамадскае жыццё, то гэта стала б доказам таго, што гэта варта і патрэбна. Важным для духоўнага жыцця, я лічу, было б увядзенне беларускіх багаслужбаў у царкве. Гэта дало б адчуванне пэўнай сілы, пачуццё беларускай супольнасці. Гэта паспрыяла б таму, што яшчэ больш дзяцей запісалася б вывучаць беларускую мову.
Пра тое, што патэнцыял ёсць, сёння сведчыць тое, што ўжо зроблена. Зразумела, хацелася б больш, але ёсць часопіс “Беларускі настаўнік”, з’яўляюцца новыя дапаможнікі, выходзяць кнігі і часопісы, працуе Беларускае Радыё Рацыя. І паступова будуць рэалізоўвацца пункты Стратэгіі развіцця беларускай асветы.
Гутарку вёў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.