Яўген Вапа: За Фэйсбукам нічога не відна!



Навіна пра Нобелеўскую прэмію міру Алесю Бяляцкаму стала нам, беларусам, прыкметай змагання за наша нацыянальнае і чалавечае. Гледзячы на лаўрэатаў апошніх гадоў заўважаем, што значную частку ўзнагароджаных складаюць былыя прэзідэнты і палітыкі з першых старонак сусветных медыя. Іхнія дзеянні і дасягненні часта заканчваліся ў атмасферы скандалаў. Гэта выклікала і адмоўную рэакцыю на рашэнні нобелеўскай камісіі. Але ўжо мінулагодні вердыкт аб уганараванні нобелеўскім званнем журналістаў, а сёлета — асобу і праваабарончыя арганізацыі, мабыць, паказваюць тэндэнцыю ў асцярожнасці да вылучэння ў лаўрэаты толькі прадстаўнікоў палітычных эліт. Некаторыя з нобелеўскіх прызёраў атрымлівалі потым палітычны выйгрыш. Так сталася ў выпадку польскага лаўрэата 1983 года Леха Валэнсы, які за прафсаюзную дзейнасць і рух «Салідарнасць» атрымаў прэмію ў час ваеннага становішча, калі ён сам быў яшчэ інтэрнаваны. Узнагароду ў Осла — сталіцы Нарвегіі — прынялі тады яго жонка Данута з сынам Багуславам. Уручэнне прэміі Валэнсу дало для «Салідарнасці» аграмадную міжнародную падтрымку і натхніла многіх палякаў на барацьбу з камуністычнай дыктатурай генерала Войцеха Ярузельскага. Распазнавальнасць нобелеўскіх лаўрэатаў дае аграмадны, прамацыйны патэнцыял справам, якімі яны займаюцца, а для малых народаў і дыктатур у гэтых краінах — час, каб з іх становішчам азнаёміць свет менавіта праз асобы ўзнагароджаных.

Тыдзень таму на ніўскіх старонках стараўся я паказаць Алеся Бяляцкага на фоне сарака гадоў яго змагання за нармальнае беларускае жыццё ва ўсіх яго вымярэннях — палітычна-дзяржаўным, нацыянальна-культурным ці ўрэшце ў сфармаваным праваабарончым спектры. Таксама важным мне здалося паказаць ролю яго блізкіх, сямейнікаў, ягонае проста штодзённае апірышча. Дзякуючы фотам з сямейнага архіва мы атрымалі ўнікальны падарунак пабачыць Алеся Бяляцкага як сямейніка і чалавека, які набірае моцы духу ад гістарычных муроў і працы ў агародзе на роднай зямлі. Проста відаць, што гэта наш чалавек, як мы любім мовіць.

Дзякуючы прапанове Беларускага радыё Рацыя мае ніўскія фельетоны і тэксты ўжо нейкі час пастаянна публікуюцца на сайце www.racyja.com. Так было і з тэкстам «За беларускае жыццё — Нобелеўская прэмія міру!». Апублікаваны матэрыял было вырашана ў рамках выкупленай рэкламы шырэй прамаваць на рацыйным фэйсбуку. Якое было наша здзіўленне, што выціскаючая з усяго грошы звышнацыянальная кампанія Фэйсбук адмаўляецца прыблізіць чытачам асобу нобелеўскага лаўрэата, які з-за змагання за… свабоду знаходзіцца за кратамі. Праўда, які ж дзіўны і непрыстойны падыход да справы! Гэта не першы, на жаль такі падыход Фэйсбука да сайта Радыё Рацыя і маіх тэкстаў. Цэнзура Фэйсбука не дапусціла да прамоцыі ўжо некалькі ніўскіх фельетонаў. Недаступным для прамоцыі аказаліся матэрыялы і фоты з гістарычнага візіту прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды ў Залешаны і з сустрэчы з беларускай меншасцю ў беларускім ліцэі ў Бельску-Падляшскім!

Ну што ж, хіба пара пачаць цікавіцца змоўніцкімі тэорыямі наконт дзеянняў сацыяльнай сеткі, якая хоча, здаецца, з дапамогай віртуальных інструментаў кіраваць дзяржавамі і народамі.

Яўген Вапа, „Ніва”, №43, 2022 г.