Чарговы судовы працэс над Яўгенам Скрабцом (абноўлена)
Журналіста-фрылансара Яўгена Скрабца 11 красавіка суд аштрафаваў за супрацу з Беларускім Радыё Рацыя без неабходнай акрэдытацыі. Сёння журналіста чакае чарговы судовы разгляд па гэтым жа артыкуле 22.9. Ён тычыцца матэрыяла, які з’явіўся на сайце Беларускага Радыё Рацыя 20 лютага пад назвай “Актывістаў і незалежных журналістаў не пусцілі на прэс-канферэнцыю ў Берасці”. Пратакол па гэтай справе адзін раз адпраўлялі на дапрацоўку.
Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Журналіста-фрылансара 11 красавіка аштрафавалі за супрацу з Беларускім Радыё Рацыя без неабходнай акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў на падставе арт. 22.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі).
Як паведамляе закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр „Вясна”, суд Ленінскага раёна Берасця разгледзеў адміністрацыйную справу журналіста Яўгена Скрабца, які, як адзначаецца ў пратаколе, „узяў інтэрв’ю без акрэдытацыі, чым парушыў правы і абавязкі журналіста замежнага СМІ”. За падрыхтоўку матэрыялу для Беларускага Радыё Рацыя яму прызначанае пакаранне штрафам на 30 базавых велічынь (765 рублёў).
* * *
Цяпер берасцейскі журналіст Яўген Скрабец абвінавачваецца яшчэ па дзвюх справах паводле ч.2 арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі). Адзін з працэсаў прызначаны на сёння, 11 красавіка:
– Будуць разглядаць справу, якая тычыцца з’яўлення на сайце Беларускага Радыё Рацыя матэрыяла на культурніцкую тэму. Там распавядалася аб прэзентацыі ў Берасці сярэдневечнай шахавай фігуры караля. Калі нават суддзя прызнае, што гэта мой матэрыял, то мне ёсць што яму адказаць: я падаў у МЗС дакументы на акрэдытацыю і цяпер чакаю рашэння.
Справу Яўгена Скрабца 11 красавіка будзе разглядаць суд Ленінскага раёна Берасця ў 14.10 па беларускім часе. Пратакол па гэтай справе ўжо двойчы адпраўлялі на дапрацоўку, а тэрміны разгляду справы скончацца 20 красавіка. Сведкамі па справе выступаюць археолаг і выкладчык Аляксандр Башкоў і дырэктар Берасцейскага абласнога краязнаўчага музея Аляксей Міцюкоў.
Яўген Скрабец:
– Усё проста перарастае ў пастаянныя візіты ў РАУС і суды. Я б назваў гэта перашкодаў у працы. Усе гэтыя візіты для апытання, для складання пратакола, для разгляду адміністрацыйнай справы ў судзе ў большасці выпадкаў адбываюцца ў такія дні, калі ў нас у Берасці адбываюцца нейкія грамадска-палітычныя падзеі. І пра гэтыя падзеі варта было б пісаць, але мне ў гэты час даводзіцца знаходзіцца або ў пастарунку міліцыі, або ў судзе.
Акрамя таго, у пятніцу, 13 красавіка, журналіста чакае чарговы судовы разгляд па гэтым жа артыкуле 22.9 КоАП. Ён тычыцца матэрыяла, які з’явіўся на сайце Беларускага Радыё Рацыя 20 лютага пад назвай “Актывістаў і незалежных журналістаў не пусцілі на прэс-канферэнцыю ў Берасці”. Пратакол па гэтай справе адзін раз адпраўлялі на дапрацоўку.
Цалкам гук у далучаным гукавым файле:
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.