Яўгенія Доўгая: Праект „Палітвязынка” пра зняволеных беларусак
„Госць Рацыі” — журналістка і грамадская актывістка Яўгенія Доўгая. Яна — стваральніца праекту дапамогі палітзняволеным жанчынам „Палітвязынка”.
Пагутарылі з ёй пра жудасныя ўмовы ўтрымання ў месцах зняволення ў Беларусі і пра тое, як дапамагчы беларускім вязням. Каля мікрафону Алеся Вербаловіч.
РР: Чым увогуле займаецца праект „Палітвязынка”?
– Праект „Палітвязынка” пра зняволеных беларусак, пра гісторыі, пра тое, як яны выжываюць у турмах, з якімі праблемамі яны сутыкаюцца і як іх блізкія ўсё гэта перажываюць.
РР: Усё пачыналася, я так разумею, з замалёвак ды ілюстрацый?
– Адразу гэта быў праект пра партрэты і гісторыю. Потым гэта перайшло ў інтэрв’ю. Потым мы завялі Patreon. Пайшлі першыя данаты, ён стаў першым крокам да кропкавай дапамогі. Жанчыны сталі выходзіць га сувязь і гэта перайшло не толькі ў медыяпраект, але і ў кропкавы праект дапамогі. Мы больш накіраваныя на медыяпраект. Для мяне вельмі важна, каб былі матэрыялы, якія маглі б атрымаць гэтую медыйную павестку пра тое, што такое зняволенне беларускі.
РР: То бок праект робіць беларускіх жанчын-палітзняволеных заўважнымі?
– Так.
Яўгенія Доўгая і сама прайшла ў Беларусі праз затрыманне і зняволенне. Менавіта гэты досвед падштурхнуў яе да стварэння праекту „Палітвязынка”.
Беларускае Радыё Рацыя