25 лютага Яўгену Шатохіну споўнілася б 70 год



Роўна 70 год таму, 25 лютага 1947 года ў Пінску нарадзіўся знаны беларускі графік, педагог і грамадскі дзеяч Яўген Шатохін (1947-2012).

Ягоныя творы, што захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях больш як 15 краін свету, адлюстроўваюць навакольную прыгажосць роднай зямлі, гісторыка-архітэктурныя каштоўнасці Беларусі, мінулае краіны, а партрэты перадаюць незвычайны вобраз знаных постацяў.

Акрамя мастацтва, Шатохін прысвяціў свае жыццё марской справе і па словах пінскага актывіста Ігара Салаўя, нават цяжка сказаць, чым ён быў больш апантаны:

– Яўген Сяргеевіч Шатохін быў ня толькі выбітным мастаком, але і падарожнікам – мораплаўцом. Па маладосці на сваёй яхце “СКІФ-2” адзін выходзіў у Белае мора, сам на сам са стыхіяй і ў доўгатэрміновы паход. Гэта патрабуе вялікай адвагі, мужнасці і прафесіяналізму.

Яўген Шатохін абіраўся дэпутатам Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў, стварыў у Пінску дзіцячую мастацкую школу. Уваходзіў у кіраўніцтва Кансерватыўна Хрысціянскай Партыі – БНФ “Адраджэнне” і Беларускага Саюзу Мастакоў.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя