Яўгену Скрабцу ўручылі чарговы адміністрацыйны пратакол
Чарговы адміністрацыйны пратакол уручылі журналісту Яўгену Скрабцу наўпрост у судзе Ленінскага раёна Берасця. Журналіст знаходзіўся там у якасці асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс:
– У нядзелю ўвечары мне на мабільнік патэлефанаваў невядомы, які прадставіўся ўчастковым інспектарам міліцыі Берасцейскага РАУС маёрам міліцыі Грыгаруком Андрэем. Ён запрсіў мяне ў РАУС, каб азнаёміць з дапрацаваным адміністрацыйным пратаколам і ўручыць яго копію. Згодна з ім, мяне падазраюць у здзяйсненні правапарушэння, прадугледжанага ч.2 арт. 22.9 КаАП – праца без акрэдытацыі, за факт з’яўлення на сайце Беларускага Радыё Рацыя матэрыялу “Актывістаў і незалежных журналістаў не пусцілі на прэс-канферэнцю ў Берасці”.
Акрамя выпраўленага пратаколу пра адміністрацыйнае правапарушэнне, Яўгену Скрабцу больш ніякіх папераў не выдалі. Звычайна, калі падрыхтоўка справы скончана, уручаецца яшчэ і позва на судовы разгляд, якой гэтым разам не было. Такім чынам, калі яна будзе разгледжана, пакуль невядома. Тэрміны прыцягнення да адказнасці па гэтай справе заканчваюцца 20 красавіка.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце