Язэп Палубятка: Трэба тлумачыць людзям, чаму мы ідзем на выбары
Адзін з ветэранаў дэмакратычнага руху, кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) па Гарадзеншчыне Язэп Палубятка вылучаецца ў якасці кандыдата ў Мастоўскім раёне. Для актывіста, які хоча дапамагчы жыхарам Мастоўшчыны, удзел ў выбарах – вялікая дылема.
– Паколькі я сябра партыі, а партыя з’яўляецца парламенцкага тыпу, яна па-любому нейкім чынам павінна ўдзельнічаць у выбарах. Але тут дылема. Па-першае, што мы павінны ісці. А па-другое, выбары такога кшталту, што нічога не вырашаюць. І тут паўстае пытанне: ісці, ці не ісці. Паколькі я сябра партыі, то мы разам ідзем на гэтыя выбары.
Язэп Палубятка ўпэўнены, што жыхарам Беларусі трэба тлумачыць, для чаго апазіцыя ідзе на гэтыя выбары.
– Збіралі подпісы. І праблема ўся ў тым, што людзям гэтыя выбары зусім не патрэбныя. Яны не разумеюць, што такое выбары, што дэпутат можа вырашаць законныя пытанні – шляхам зварота, дэпутацкага імунітэта і г.д. Людзі апалітычныя, яны проста не разумеюць механізмы выбараў – для чаго яны і што яны павінны вырашаць.
Ці стане кандыдатам ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Язэп Палубятка будзе вядома 18 студзеня, калі камісіі Градзеншчыны абвесцяць спісы кандыдатаў, для якіх прадугледжаны месяц на выбарчую агітацыю.
Беларускае Радыё Рацыя