Язэпу Нямеру замянілі 2,5 гады „хатняй хіміі” на 1,5 года пазбаўлення волі
Перагляд вынесенага прысуду праз сем месяцаў адносна гарадзенца Язэпа Нямеры зрабіла калегія абласнога суда. Падставай перагляду прысуду ў два з паловай гады хатняй хіміі, стала апеляцыя пракуратуры Гарадзенскай вобласці.
Ён быў абвінавачаны паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса – 342 КК (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Вынесенае паўгода таму пакаранне – 2,5 гады „хатняй хіміі” – замянілі на 1,5 года пазбаўлення волі.
Падчас судовага паседжання было адзначана, што за сем месяцаў адбывання пакарання Язэп Нямера не меў парушэнняў дысцыпліны, хаця яго правяралі міліцыянты 57 разоў.
За працэсам назіраў Раман Юргель, праваабаронца Беларускага Хельсінкскага камітэту.
– Пракурор палічыў замяккім прысуд, што “хатняя хімія” – гэта замяккае пакаранне. Але ж такія прысуды зараз выносяцца па ўсёй Беларусі і гэта тэндэнцыя. Гэта ўжо трэці такі выпадак жорсткага прысуду, які вынес абласны суд.
Язэпу Нямеру сёлета споўніцца 64 гады, за яго хадайнічалі розныя ўстановы. У працоўнай кніжцы меў 9 падзякаў за добрую працу.
Заўважае праваабаронца Раман Юргель:
– Ён абараняў, як мнагаборца, як лёгкаатлет, як лыжнік, гонар Гародні і ў Савецкім Саюзе на лыжні. І потым у Беларусі. І таксама ад прыхода праваслаўнай царквы было хадайніцтва. Ён дапамагаў праваслаўнаму Свята-Пакроўскаму сабору ў Гародні. Але суд не ўзяў гэта да ўвагі, нават тое, што ў яго маці дома хворая ляжыць, ёй 91 год.
Прыгадаем, што Язэпа Нямеру асудзілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу, толькі за падсрачнік амонаўцу 6 верасня летась, падчас негвалтоўнага шэсця ў Гародні. Амонаўцы тады збівалі людзей, а Язэп Нямера такімі дзеяннямі спрабаваў абараніць удзельніцу шэсця.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя