„Ён быў апантаны палескай прыродай…”
Вядомаму знаўцу прыроды Палесся, фатографу Аляксею Дуброўскаму (1945-2011) споўнілася б 75 год. Яго заўчасна ня стала ў снежні 2011 года. Дуброўскі адзін з першых у краіне асудзіў меліярацыю Палесся, а ў сваёй кнізе “Палігон” узняў праблему існавання дачарнобыльскай радыяцыі на Століншчыне ў раёне Мярлінскага палігону.
“Дуброўскі стаў сімвалам экалагічнага турызму на Піншчыне”, – адзначае намесніца старшыні Таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяна Хвагіна:
– Дуброўскі – гэта быў такі сімвал прыродазнаўчых экскурсій па Палессю. Не стала яго і няма справы. Я скажу, што наш палескі турызм, я заўсёды гэта з сумам адзначаю, страціў Аляксея Мікалаевіча Дуброўскага, які мог спалучаць гістарычныя веды, краязнаўчыя веды і веданне прыроды.
Аляксей Дуброўскі быў вядомы і як грамадскі дзеяч. У часы перабудовы падтрымаў Беларускі Народны Фронт “Адраджэнне”, а з 1990 па 1999 гады быў дэпутатам Пінскага гарадскога Савета.
Беларускае Радыё Рацыя