„Ён быў сапраўдным патрыётам і камандзірам”
Ва Украіне ў баях пад Лісічанскам загінуў камандзір батальёну “Волат” палка Каліноўскага Іван “Брэст“. Паплечнікі беларуса-дабраахвотніка прыгадваюць яго цёплымі словамі.
“З першых дзён вайны ён стаяў на абароне Украіны ад расейскай агрэсіі і быў у вытокаў заснавання палка Каліноўскага. Мы яго ведалі як мужнага, рашучага і самаадданага чалавека, які за кожнага свайго байца быў гатовы на ўсё. „Брэст” меў выключны аўтарытэт сярод ваяроў палка. Акрамя гэтага ён быў адданым сынам беларускай зямлі і верыў у будучыню вольнай Беларусі”, – адзначаюць прадстаўнікі палка Кастуся Каліноўскага.
Сваімі ўспамінамі дзеліцца і баец батальёну “Волат”:
– «Брэст» быў сапраўдным патрыётам, камандзірам. Ён стаяў ля вытокаў і быў тварам палка Кастуся Каліноўскага. Для ўсіх нас ён быў сябрам, які шкадаваў кожнага свайго байца. Увесь час быў наперадзе і вёў хлопцаў за сабой на задачах. І калі з’явілася інфармацыя, што была страчана сувязь з групай «Брэста», усе байцы батальёна выказалі жаданне ехаць ратаваць хлопцаў. Але з-за склаўшагася становішча на фронце, гэта было немагчыма.
Івану «Брэсту» было ўсяго 28 гадоў…
Беларускае Радыё Рацыя