„Ён не мае права быць прэзідэнтам…”



Прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры звярнуліся да кіраўніка Беларусі і кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі. Зварот быў накіраваны праз яго грамадскую прыёмную. Пад дакументам падпісаліся 27 чалавек.

Па словах юрыста Тамары Сяргей, гэта ўжо далёка не першы зварот да Аляксандра Лукашэнкі. Аднак складаныя праблемы дзясяткаў людзей гадамі не вырашаюцца.

Тамара Сяргей: Нас, як звычайна, прынялі добра. Ва ўсіх кабінетах, ва ўсіх інстанцыях прымаюць добра. Але пры гэтым ніхто нічога не робіць, не вырашаюць нашыя праблемы. А мы атрымліваем адказы, якія потым можна накіроўваць у адмысловыя ўстановы, якія-небудзь псіха-неўралагічныя інстанцыі, каб яны праверылі на адпаведнасць займаемым пасадам людзей, якія нам такія адказы пішуць. Замест вырашэння нашых праблемаў у нашай краіне з намі спыняюць ліставанне, нас палохаюць, нас затрымліваюць, нас судзяць і нас штрафуюць. І нават спрабуюць завесці крымінальные справы, палохаюць нас пазбаўленнем волі. Таму мы звяртаемся да Аляксандра Лукашэнкі і нагадваем аб тым, што вось ён у чарговы раз збіраецца на такую высокую пасаду. А мы лічым на падставе асабістаго досведу, што ён не мае такога права?

 Тамара Мікалаеўна Федаровіч: Звярталася колькі разоў і ў суды, і ў пракуратуру. Ніхто не хоча слухаць і не дапамагае нам. Сын сядзіць мой. Няправільна яго судзілі. Адпіскі палучае сын, адныя адпіскі. Адзіны сын у мяне. А сама я быўшы медік, 35 гадоў на адным месцы адпрацавала, ветэран…

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Вольга Юнкевіч з-за сямейных канфліктаў страціла кватэру. Спрабавала дабіцца справядлівасці ва ўладаў. Але безвынікова. Адныя адпіскі і адпіскі.

У Васіля Хацькова падчас будаўніцтва метро ў Менску знеслі ў 2009 годзе прыватны дом. Замест якога ўлады прапануюць невялікія старыя кватэры, ад якіх Хацькоў адмаўляецца, а жыве дзе прыйдзецца. Як у народзе кажуць, бамжуе.

Васіль Хацькоў: Зараз я чакаю чарговага суду. За год ўжо двойчы адмяніў адно і тое ж судовае незаконная рашэнне, якое выносяць, спрабуючы засяліць мяне ў маленькую старую кватэру. І зараз буду спрабаваць адмяніць яго ў трэці раз. Адно і тое ж.

 Тамара Сяргей: К Аляксандру Лукашэнка мы звяртаемся ўжо 42-гі раз. І зараз мы гэта будзем рабіць адкрыта, у тым ліку і праз сродкі масавай інфармацыі. Каб потым не атрымалася так, што тыя, хто зараз ва ўладзе, скажуць: „А мы не ведалі”. Не, яны ўсё ведаюць, што адбываецца ў нашай невялікай краіне. Але не звяртаюць на нас ніякай ўвагі. Мы сталі ізгоямі тут, мы як рабы на галерах, толькі каб працаваць – а ім, уладарам, добра жыць за наш кошт. А нашыя ж праблемы нікога з іх не цікавяць. Але ў нас ёсць цярпенне. Таму што адступаць ужо няма куды. І мы заўсёды будзем адстойваць свае правы. Паглядзім, што будзе пасля 11 кастрычніка, пасля так званых выбараў. Канешне, мы нічога добрага не чакаем. Усе разумеюць, што кіраваць краінай застанецца той жа чалавек, да якога мы так і не здолелі дагрукацца за доўгія гады. Але гэта не прымусіць нас скласці рукі і здацца”, – падкрэсліла Тамара Сяргей.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя.