“Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці”
У глыбоцкім касцёле Святой Тройцы адкрылася выстава дабрачыннага фонду „Адкрытыя сэрцы” ў абарону жыцця і ў падтрымку сям’і. Потым яна пачне вандраваць па адукацыйных установах горада. Выстава ўяўляе сабой некалькі рознакаляровых стэндаў, на якіх размешчаная інфармацыя пра два шляхі вырашэння праблем – светлы і цёмны.
Паводле намесніка дырэктара фонду “Адкрытыя сэрцы” Івана Пузанава, выстава з’яўляеццца вынікам шасцігадовай дзейнасці арганізацыі.
– Цягам 6 гадоў у нас выспявала ідэя гэтых двух шляхоў, каб людзі маглі выбраць. І менавіта цяпер гэтая тэма вельмі актуальная. Выстава вялікая. Мы спрабавалі ва ўсіх стэндах закрануць усе актуальныя тэмы: абарона жыцця, сям’і, якая небяспека можа пагражаць сучаснай сям’і і як знайсці выйсце.
Як кажа Іван Пузанаў, дзякуючы дзейнасці дабрачыннай арганізацыі ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях 118 жанчын адмовіліся ад абортаў і нарадзілі дзяцей, фонд з імі падтрымлівае сувязь і дапамагае.
Выставы фонду “Адкрытыя сэрцы” ўжо адбыліся ў шматлікіх гарадах Віцебскай вобласці, плануецца правесці іх па ўсёй Беларусі.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае
Фота аўтаркі