Ёсць пагроза, што на абаронцу дубоў завядуць крымінальную справу
“Ёсць рэальная пагроза, што сілавікі паспрабуюць прыцягнуць дырэктара вясковага Дома культуры Аляксандра Дземчука да крымінальнай адказнасці”, – гаворыць праваабаронца Алесь Рамановіч.
Дземчук ужо адбывае 15 суткавы арышт у ізалятары Пінска, магчыма яго яшчэ пакараюць суткамі і ў гэты ж момант распачнуць крымінальную справу. Такое практыкуецца ў краіне:
– У нас у Беларусі, на жаль, такое практыкуецца, калі чалавека закрываюць на 15-30 сутак, а пасля яго вязуць ужо па крымінальнай справе ў СІЗА. Нам патрэбна проста дапамагчы сваякам наняць адваката, а можа яны і самі гэта зробяць, каб ён паразмаўляў з самім Дземчукам. І высветліць, ці праводзяцца нейкія следчыя дзеянні.
Аляксандр Дземчук – кіраўнік Ахоўскага Дома культуры, што на Піншчыне. У гэтай жа вёсцы, на могілках каля царквы, раслі тры старажытныя дубы. Дрэвы прызналі аварыйнымі, і 22 снежня камунальнікі запланавалі іх зрэзаць. Пры падтрымцы вяскоўцаў Дземчук паспрабаваў перадухіліць знішчэнне і неўзабаве быў затрыманы сілавікамі. У выніку дубы зрэзалі, а дырэктар Дома культуры пакуль пакараны адміністрацыйным арыштам.
Беларускае Радыё Рацыя