Ёсць ускосныя доказы таго, што на гары Гедыміна пахаваны Каліноўскі



Навукоўцы з Віленскага ўніверсітэта атрымалі ўскосныя пацверджанні таго, што на гары Гедыміна ў сталіцы Літвы пахаваны Кастусь Каліноўскі — кіраўнік паўстання ў Польшчы і Беларусі 1863—1864 гадоў. Пра гэта БелаПАН паведаміў прафесар кафедры анатоміі, гісталогіі і антрапалогіі Віленскага ўніверсітэта Рымантас Янкаўскас.

Пакуль гэта толькі ўскосныя факты, якія маюць патрэбу ва ўдакладненні, падкрэсліў ён. „У нас ёсць супадзенні па поле, узросце, абставінах смерці, а таксама супадзенні па форме чэрапа і партрэта. Але для катэгарычнага заключэння гэтага не дастаткова. Для поўнага доказу патрэбны генетычныя даследаванні”, — адзначыў навуковец.

„Мы звязаліся з пасольствам Літвы ў Беларусі. Ёсць пахаванні сям’і Каліноўскіх у Свіслачы, і мы прапануем даследаваць гэтую магілу і правесці генетычны аналіз”, — дадаў Рымантас Янкаўскас.

Чатыры магілы паўстанцаў 1863 года былі знойдзеныя восенню 2017 года на гары Гедыміна ў цэнтры Вільні, там пахаваныя сем чалавек. Дакладна вядома, што сярод іх — астанкі паўстанца Зыгмунта Серакоўскага, гэта даказвае знойдзены ў пахаванні яго заручальны пярсцёнак. Тады ж навукоўцы выказалі здагадку, што сярод выяўленых пахаванняў могуць быць астанкі Кастуся Каліноўскага.

БелаПАН