Юбілей Беларускай фундацыі Крачэўскага
26 кастрычніка беларусы Нью-Ёрку адсвяткавалі 60-я ўгодкі Беларускай фундацыі Крачэўскага. Гэтая арганізацыя была заснаваная з мэтай збору, захавання і вывучэння дакументальных сведчанняў пра дзейнасць беларусаў у эміграцыі, а таксама фінансавай і інфармацыйнай падтрымкі праектаў, скіраваных на развіццё і папулярызацыю беларушчыны.
У святкаванні бралі ўдзел сябры фундацыі і запрошаныя госці. На пачатку святочнага паседжання з прывітальным словам выступіла старшыня Рады дырэктараў Галіна Тумаш. З аповедам пра гісторыю заснавання арганізацыі і першых ахвярадаўцаў выступілі доктар Янка Запруднік – адзін з тых, хто стаяў ля яе вытокаў, і Валянціна Трыгубовіч, сябра Рады дырэктараў і архівіст фундацыі.
Доктар Вітаўт Кіпель, дырэктар Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва, падзяліўся ўспамінамі пра доктара Вітаўта Тумаша, першага старшыню Рады дырэктараў фундацыі.
Пра дзейнасць арганізацыі на працягу апошняга дзесяцігоддзя прысутных праінфармаваў Вячка Станкевіч, які быў старшынём Рады дырэктараў у гэты час.
Віншаванні з нагоды юбілею даслалі Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва ды іншыя. Гасцей таксама чакалі смачны пачастунак, дабрачынная латарэя ды шчырыя сяброўскія размовы.