Юліі Чарняўскай выставілі абвінавачанне



Удаве заснавальніка tut.by Юрыя Зісера Юліі Чарняўскай выстаўленае абвінавачанне, паведаміла яе дачка Яўгенія Чарняўская ў „Фэйсбуку”.

 

Паводле яе слоў, адвакату нельга казаць, у чым менавіта абвінавачваюць Юлію. „Адвакат выйшаў ад Юліі Чарняўскай. Маме выстаўленае абвінавачанне. Нельга выдаваць ні артыкул, ні нейкія тэрміны, нічога. Адвакат сказала: дачка хвалюецца, якія можна перадаць падрабязнасці? „Ніякіх”, — напісала Яўгенія.

Маці, паводле сцвярджэння Яўгеніі, паставілася да выстаўлення абвінавачання нармальна: „Мама моцны арэшак і здагадвалася, што гэта вельмі верагодны сцэнар. <…> Спадзяюся, яна і далей будзе моцнай, адважнай. І мы з вамі павінны!”

Юлія Чарняўская знаходзіцца пад хатнім арыштам. Напярэдадні Яўгенія напісала на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”, што самаадчуванне ў мамы не вельмі добрае — скача ціск. Яна чытае кнігі, пачала крыху маляваць.

18 мая дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю прыйшоў з вобшукамі ў рэдакцыю, рэгіянальныя структуры, да журналістаў і рэдактараў tut.by. Вобшукі таксама прайшлі ў рэдакцыях структурных падраздзяленняў кампаніі — av.by, rabota.by. Амаль адначасова Міністэрства інфармацыі на падставе паведамлення Генпракуратуры абмежавала доступ да партала tut.by і яго копій.

У той жа дзень ДФР КДК заявіў пра распачынанне справы ў дачыненні да службовых асоб кампаніі па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Па „справе tut.by” былі затрыманыя 15 чалавек. Пад вартай знаходзяцца генеральны дырэктар ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” Людміла Чэкіна, намеснік генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнэка, намеснік дырэктара Ірына Рыбалка, галоўны рэдактар партала tut.by Марына Золатава, рэдактар Вольга Лойка, журналістка Алена Талкачова, галоўны бухгалтар Анжэла Асад, намеснік галоўнага бухгалтара Марыя Новік, галоўны інжынер Ала Лапатка, менеджар Андрэй Аўдзееў, дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў, дырэктар Rocket Data, TAM.BY Дар’я Данілава. Акрамя Чарняўскай пад хатнім арыштам знаходзяцца юрыст tut.by Кацярына Ткачэнка і былы юрыст партала Ірына Касцючэнка.

Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітзняволенымі.

БелаПАН