Юлія Чарняўская знаходзіцца пад хатнім арыштам (абноўлена)



Юлія Чарняўская, якую шукалі з 18 траўня, знаходзіцца дома пад хатнім арыштам. У яе «ўсё ў парадку, яна дзякуе за падтрымку і перадае прывітанне». Вядома, што «да яе ставяцца паважліва і карэктна», паведамляе TUT.by.

„Ва ўдавы Юрыя Зісера Юліі Чарняўскай усё ў парадку, яна дзякуе за падтрымку і перадае прывітанне. Яна знаходзіцца дома пад арыштам. Да яе ставяцца паважліва і карэктна. Адвакат Юліі — пад падпіскай пра невыдаванне”, — адзначаецца ў паведамленні.

Пра лёс Чарняўскай нічога не было вядома з 18 траўня, калі сілавыя структуры пачалі вобшукі і затрыманне супрацоўнікаў партала ў межах распачатай у той жа дзень крымінальнай справы. 20 траўня ўдава заснавальніка знайшлася ў дэпартаменце фінансавых расследаванняў КДК, дзе з ёй праводзілі следчыя дзеянні.

Юлія Чарняўская — навуковец, празаік, драматург, кандыдат культуралогіі, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, спецыяліст па культурнай антрапалогіі, аўтар кніг па культуралогіі, а таксама п’ес, раманаў, аповесцяў, член Беларускага ПЭН-цэнтра.

20 мая маці Чарняўскай падала заяву ў КДБ для ўстанаўлення месцазнаходжання дачкі. Сваякі таксама планавалі падаць заяву ў міліцыю, каб там прынялі меры да вышуку Чарняўскай.

Праваабарончая супольнасць краіны заклікала ўлады неадкладна паведаміць пра месцазнаходжанне Чарняўскай. Заява 20 траўня накіраваная генеральнаму пракурору Андрэю Шведу, міністру ўнутраных спраў Івану Кубракову, старшыні Камітэта дзяржбяспекі Івану Церцелю.

„Мама — саўладальніца hoster.by пасля смерці таты, але гэтая кампанія не звязаная з tut.by, — паведаміла раней БелаПАН дачка Чарняўскай Яўгенія. — Частка tut.by, якая належала тату, пасля яго смерці адышла да мяне. Я жыву ў Ізраілі, і, думаю, тата зрабіў гэта з меркаванняў бяспекі. Але са мной ніхто не звязваўся”.

18 траўня ДФР КДК распачаў у дачыненні да службовых асоб ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” справу паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Як вынікае з прэс-рэліза ведамства, у 2019 годзе ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” атрымала статус рэзідэнта Парку высокіх тэхналогій (ПВТ). Як сцвярджае ДФР, „таварыствам была атрыманая выручка, не абумоўленая дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў ПВТ”. Пра гэта была праінфармаваная адміністрацыя парку.

Сайт tut.by з 18 траўня заблакаваны на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі пасля апавяшчэння Генпракуратуры. „Генеральная пракуратура ўстанавіла шматлікія факты парушэнняў закона аб СМІ ў частцы размяшчэння забароненай інфармацыі ў шэрагу публікацый на інтэрнэт-рэсурсе tut.by. У гэтых матэрыялах утрымліваецца інфармацыя ад імя незарэгістраванага фонду BYSOL, — заявіў Мінінфарм. — У адпаведнасці з артыкулам 38 закона аб СМІ ў сродках масавай інфармацыі, на інтэрнэт-рэсурсах забароненае распаўсюджванне інфармацыі ад імя арганізацый, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю”.

У спісе затрыманых супрацоўнікаў tut.by больш за 10 прозвішчаў, у тым ліку галоўнага рэдактара Марыны Золатавай.

belapan.by