Юлія Філіповіч: мы будзем стаяць ля ізалятара штодня



Міліцыянты затрымалі гомельскага відэаблогера Максіма Філіповіча непасрэдна падчас анлайн-трансляцыі. Група праваахоўнікаў, сярод якіх былі байцы АМАП-у, выцягнулі гамельчука з бацькоўскага дому ў вёсцы Каранёўка. За дзеяннямі міліцыянтаў назіралі некалькі тысячаў чалавек праз сацыяльныя сеткі і відэаканал на рэсурсе youtube.com. Сярод тых, хто бачыў затрыманне, была жонка Максіма Філіповіча.

Юлія Філіповіч: — Гэта сапраўднае бяспраўе. Так нельга, нібы яны нейкія рэцыдывісты. Сказалі людзі сваё слова, дык што цяпер, саджаць іх? Я не ведаю, што гэта, бо пачынаюцца ўжо нейкія сапраўдныя рэпрэсіі. Неўзабаве вось так «ціўкнеш» на вуліцы і будзем усе сядзець. Мы будзем стаяць ля ізалятара штодня. Мы будзем прыходзіць да ўсіх хлопцаў, каго ў нас пасадзяць вось так незаконна. Трэба хадзіць у абедзенны перапынак, бо ва ўсіх справы, а ў абед будзе найлепшы час падыходзіць і глядзець.

Відэаблогер Максім Філіповіч правядзе 13 сутак у гомельскім ізалятары часовага ўтрымання за ўдзел і арганізацыю „маршу недармаедаў”.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель