Юлія Каляда: Будзем імкнуцца да паляпшэння роварнай інфаструктуры



У Гародні заканчываецца роварны сезон, а разметку на ходніках, якія аддзялялі раварыстаў ад пешаходаў дарожныя службы так і не аднавілі. Апошняя разметка наносілася летась.

„Нявызначаны статус такіх разметак, якія не прадугледжаны існуючымі нарматыўнымі дакуманатамі, не дае стымулу змагацца за іх аднаўленне,” – кажа старшыня таварыства „Велагродна” Юлія Каляда.

– Пісьмовых заяваў я не пісала. Зрабілі акцэнт на безбар’ернае асяроддзе. Апошнім часам паніжаюць бардзюры па Славінскага і па вуліцы Горкага, каля радзільнага дому. Гэта тыя бардзюры, які даўно ўсім даліся ў знакі, над імі ідзе зараз праца. Па разметцы я не пісала, бо яна пакуль для нас не зразумелая. Бо гэта і не веладарожка, у нас тут няма ніякіх перавагаў. То бок гэта рэкамендацыйная разметка. Можа таму, што пакуль няма нейкага зразумелага тлумачэння для яе, таму ў гэтым годзе акцэнт на ёй мы не рабілі.

Колькасць раварыстаў у Гародні працягвае расці. Таму галоўная задача для актывістаў „Велагродна” – імкнуцца пераканаць улады ствараць адпаведную інфраструктуру для людзей, якія ездзяць на ровары штодня, для якіх гэта – лад жыцця. І гэта трэба ўлічваць у генеральных планах забудовы. Лепшым аргумэнтам тут будзе, напэўна, паказаць, як шмат раварыстаў.

Кажа Юлія Каляда:

– Падлік раварыстаў мы праводзілі ўпершыню. І мэты ў нас былі розныя. Канешне, агульную суму раварыстаў у горадзе з такім падлікам даведацца немагчыма. Але дзякуючы гэтаму падліку, мы даведаліся, якія ўчасткі вуліцы найбольш запатрабаваныя нашымі раварыстамі, якія менш. І ў далейшай працы па паляпшэнні  інфраструктуры будзем улічваць, дзе больш ездзяць раварысты, якія вуліцы трэба паляпшаць у першую чаргу. Калі мы бачым, што па нейкіх вуліцах мала раварыстаў, то мусім высветліць, па якой прычыне.

Ініцыятыўныя сябры „Велагродна” высунулі прапанову да ўладаў Гародні ў выглядзе мапы, дзе пазначылі, якія роварныя маршруты неабходна зрабіць перадусім.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя